У час навальніцы на дзіця абрынуўся навес прыпынку
- 22.07.2011, 10:31
Па дадзеных МНС, з-за навальніцы 21 ліпеня пацярпелі 72 населеных пункта ў Гомельскай, Гродзенскай, Менскай і Магілёўскай абласцях. А ў Менскай вобласці загінула дзіця.
Па дадзеных ДВА «Белэнерга» на тэрыторыі рэспублікі былі абясточаны 648 населеных пунктаў.
Не абышлася учорашняя навальніца без параненых і нават загінулых. У г.п. Зэльва Гродзенскай вобласці вецер абрынуў цагляную сцяну складскога памяшкання, якая пашкодзіла прыпаркаваны каля будынка мікрааўтобус і параніла кіроўцу, паведамілі ў МНС.
У в. Цярабуты Старадарожскага р-на Менскай вобласці парывам ветру быў перакулены металічны навес прыпынкавага пункта грамадскага транспарту. Смяротна траўмаваны хлопчык, 1999 г.н.
У Гродне паваленымі дрэвамі было пашкоджана 11 аўтамабіляў.
У Стаўбцоўскім р-не Менскай вобласці навальніца справакавала пажар у сенасховішчы адкрытага акцыянернага таварыства «Агранёманскае». Агнём знішчаныя 16 тон сена ў рулонах, пашкоджаныя 45 тон сена і частка будынка.