Беларусам у «Акропалісе» прыходзіцца расплочвацца некалькімі карткамі
- 25.07.2011, 10:37
Дэвальвацыя рубля і недахоп валюты ўскладнілі жыццё і беларускім уладальнікам плацёжных картак.
Прадаўцы віленскага гандлёвага цэнтра «Акропаліс» распавялі, што за больш дарагія тавары беларусы часам вымушаныя расплочвацца некалькімі аплатнымі карткамі, піша ru.DELFI.lt.
Іншыя сцвярджаюць, што часцей за ўсё гэтыя кліенты расплочваюцца наяўнымі альбо аплатнымі картакмі, выдадзенымі ў іншых краінах.
«Давялося абслугоўваць беларусаў, якія ў аддзеле самаабслугоўвання выбралі тавары на суму каля 400 літаў. Адной карткай ім не атрымалася расплаціцца за гэтыя тавары, таму плацілі дзвюма. Гэтыя кліенты распавялі, што ліміт у іхніх картак невялікі, аднак у Беларусі ёсць банкі, якія не абмяжоўваюць разлікі пры дапамозе валюты», - распавёў DELFI былы аптэкар Eurovaistinė, якая знаходзіцца ў ГЦ «Акропаліс».
Ён сказаў, што зразумеў, што ліміт беларускіх плацёжных картак складае каля 300 літаў на дзень. На самой справе, да прыкладу, «Тэхнабанк» з 30 красавіка 2011 г. увёў ліміт на безнаяўны разлік за межамі краіны ў памеры 300 даляраў ЗША (каля 1000 літаў).
Дырэктар крамы Elektromarkt, у якой прадаюць электратавары і бытавую тэхніку, Канстанцін Калашнік сказаў DELFI, што такія выпадкі, калі беларусы расплочваліся некалькімі карткамі, былі ў чэрвені гэтага года.
«Яны расплочваюцца па-рознаму, радзей карткамі, часцей наяўнымі. Цяпер не даводзілася чуць пра гэта ад касіраў, але ў чэрвені былі такія ліміты. Былі такія выпадкі», - сказаў ён.
Крама не скардзіцца на недахоп кліентаў з Беларусі, яны часцей за ўсё купляюць бытавую тэхніку, тэлевізары, фотаапараты.
«Спецыяльную статыстыку мы не вядзем, аднак кліенты з Беларусі ёсць, можа, не столькі, колькі было перад Новым годам, але лета і не той час», - сказаў Калашнік.
Прадавачкі крамы адзення Monton, якая знаходзіцца ў «Акропалісе», распавялі, што летам беларусаў стала менш, часцей за ўсё яны расплочваюцца за пакупкі наяўнымі.
Дырэктарка крамы групы Apgrangа, якая знаходзіцца ў «Акропалісе», Ірма Марцінкене сказала DELFI, што пакупнікі з Беларусі звычайна расплочваюцца наяўнымі.
«Беларусы за тавары звычайна плацяць наяўнымі, але бывае, што разлічваюцца аплатнымі карткамі. Калі імі карыстаюцца, то яны звычайна бываюць не беларускімі, а карткамі банкаў з іншых краін, нярэдка літоўскімі», - сказала яна.
Кіраўнік віленскага «Акропаліса» Чэславас Урбанавічус сказаў, што нічога не чуў пра ліміты, якiя ўсталёўваюцца беларускімі банкамі. Па ягоных словах, колькасць кліентаў з Беларусі не зменшылася, а грошай у ГЦ яны пакідаюць яшчэ больш.
«Дакладных дадзеных у нас няма, усё заснавана на назіраннях. Аднак магу сказаць, што ў пачатку ліпеня рэкардсменам нашай акцыі «набывай за 100 літаў, атрымай 5 літаў у падарунак» стаў беларус, які за адзін прыезд пакінуў у ГЦ больш за 5000 літаў. Мы заўважаем, што яны сталі купляць нашмат больш, зараз, відаць, у Беларусі адчуваецца дэфіцыт тавараў, вось яны купляюць больш», - каментаваў DELFI Урбанавічус.