Месца сустрэчы - Камароўскі рынак
- 27.07.2011, 10:32
«Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» апублікавала план чарговы маўклівай акцыі на сераду, 27 ліпеня.
Нагадаем, менавіта ў гэты дзень у 1990-ым годзе была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. І менавіта гэты дзень адзначаўся ў Беларусі да Лукашэнкі як дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці.
Арганізатары абралі ў гэты святочны для беларусаў дзень нетрадыцыйнае час і фармат акцыі - збор удзельнікаў аб'яўляецца ў найбуйнейшых гандлёвых кропках краіны.
«27 ліпеня, у 13:00 збіраемся на самых буйных рынках нашых гарадоў каля закрытых гандлёвых кропак!
Рынкі - псіхалагічна больш бяспечнае месца. Кожны жыхар ведае, дзе знаходзіцца самы буйны рынак у ягоным горадзе!
На рынку небяспечна ладзіць «хапун» - вельмі шмат выпадковых людзей, а значыць сведак бязмежжа. На рынку кожны ведае, навошта ён туды прыйшоў: натуральна, за пакупкамі!
Вядуцца перамовы з прадпрымальнікамі, каб і яны падтрымалі нашы акцыі.
Мы можам дамагчыся таго, што па меры росту закрытых гандлёвых кропак, кожную акцыю на рынкі будзе прыходзіць усё больш людзей!
Мы разумеем, што шмат хто ў гэты час знаходзяцца на працы. У выпадку поспеху будзем праводзіць акцыі ў суботу! Ліічыце, што ў суботу выйдзе больш? Правільна! На першую акцыю ў сераду прыйдзе нейкая колькасць, на другую большая! А надалей пяройдзем на суботы!
МЕНСК
Збіраемся на Камароўскім рынку!
Што рабіць: у сераду, у 13.00 прыходзім на рынак, знаходзім закрытыя гандлёвыя кропкі. Спачатку іх будзе няшмат, але некалькі заўсёды можна знайсці! Стаім каля іх, нібыта чакаем адкрыцця.
У 13.30 акцыя скончаная - разыходзімся.
Калі ўлады будуць закрываць рынкі - збіраемся каля галоўнага ўваходу. У мэтах бяспекі - не пляскаем.
РЭГІЁНЫ
Спіс рынкаў у абласных цэнтрах:
Брэст: Калгасны рынак
Віцебск: Смаленскі рынак
Гомель: Цэнтральны рынак
Гродна: ГЦ «Карона»
Магілёў: Віленскі рынак
У астатніх гарадах - самы буйны рэчавы рынак!
У 13.00 збіраемся на рынках ў закрытых гандлёвых кропак!
У 13.30 акцыя скончаная - разыходзімся.
Калі ўлады будуць закрываць рынкі - збіраемся ля галоўнага ўваходу. У мэтах бяспекі - не пляскаем.
Правілы:
- Збірайцеся групамі сяброў і знаёмых па 3-10 чалавек.
- У кожнай групе павінен быць як мінімум адзін чалавек з тэлефонам, які мае доступ да Інтэрнэту.
- У выпадку правакацый трымайцеся разам і пазбягайце канфліктаў.
- У выпадку, калі чалавека з вашай групы без тлумачэнняў спрабуе схапіць чалавек у цывільным, не прад'яўляючы службовага пасведчання - выхоплівайце ў яго вашага таварыша.
- Калі будуць правакацыі, то адыходзім ад гэтых людзей», - такі план, апублікаваны адміністратарамі «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі».