Улады да смерці напалоханыя: Забаронена пляскаць нават Лукашэнку (Фота)
- 3.07.2011, 11:55
(абноўлена) Афіцыйны Дзень незалежнасці ў Менску праходзіць на ўмовах ваеннага становішча.
З 11.00 на скрыжаванні праспекта пераможцаў і Машэрава ў Менску пачалі збірацца ўдзельнікі святочных мерапрыемстваў да афіцыйнага Дня незалежнасці. У той час там ужо знаходзіліся тысячы міліцыянтаў у форме і ў цывільным. Народ ішоў пераважна па разнарадцы, вялікімі натоўпамі з расцяжкамі, дзе паказвалася прыналежнасць да пэўнага раёна сталіцы. Для кожнага раёна - свой сектар, куды ўдзельнікі і «расфасоўвалися». Прыбыло шмат чыноўнікаў «вертыкалі» зсасцяжкамі з надпісамі «Белая Русь» і «БРСМ».
На падыходах да месца правядзення ваеннага параду былі ўзмоцненыя меры бяспекі. Яшчэ да скрыжавання Пераможцаў і Машэрава неабходна было прайсці тры міліцэйскіх кардона, людзей прапускалі толькі праз турнікеты. Міліцыянты праз гукаўзмацняльнікі папярэджвалі, каб грамадзяне не збіраліся ў адным месцы, а праходзілі да глядацкіх пляцовакі і займалі месцы ў адпаведнасці з запрашэннямі.
Каля пунктаў пропуску сабраліся гіганцкія чэргі. Надгляд адбываўся павольна. Праз сацыяльныя сеткі людзі паведамляюць, што ўсіх, хто ўваходзіў, правяралі металадэтэктарам, абмацвалі і здымалі на відэа. Цікава, што міліцыянты абшуквалі не толькі гледачоў, але і іншых міліцыянтаў. Даверу няма нават да «сваіх».
У цэнтры горада знаходзіцца вялікая колькасць аўтазакаў з АМАПам, міліцыянты дзяжураць на плошчах, у метро, у дварах і на дахах дамоў уздоўж праспекта Незалежнасці і Пераможцаў.
На парад прыйшло зусім няшмат людзей. Ля стэлы сабралося ўсяго каля пяці тысяч чалавек. З'яўленне Аляксандра Лукашэнкі, па сведчанні відавочцаў, прысутныя ўспрынялі вельмі стрымана. Нават на трыбунах для чыноўнікаў ніхто не запляскаў.
Сярод прысутных на парадзе - вельмі шмат супрацоўнікаў спецслужбаў у цывільным. Людзі пачулі, як па рацыі паведамілі: «Пабачыў - нехта рыпаецца - будзем браць».
Пад час свайго выступу на парадзе, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што знешнія сілы, спрабуючы дэстабілізаваць становішча ў краіне, імкнуцца разбурыць грамадскую згоду і паставіць Беларусь на калені.
Пасля выступу дыктатара практычна не было апладысментаў. «Ніхто сёння не атрымаў акрэдытацыі на апладысменты», - пажартавалі ўдзельнікі параду ў «Твітэры», намякаючы на нядаўнюю заяву намесніка начальніка ГУУС Менгарвыканкама Ігара Яўсеева, які заявіў пасля «маўклівых» акцый пратэсту, што «пляскаць 3 ліпеня можна толькі на адрас ветэранаў і ўдзельнікаў вайны».
У сацыяльных сетках паведамляюць, што чулі па міліцэйскай рацыі, што людзей пачалі затрымліваць. Пры гэтым паведамляецца аб абсурдных мерах, якія прадпрымаюць спецслужбы:
«Побач са мной стаяць двое ў цывільным. Паспрабаваў пляснуць - адзін падышоў і сказаў, што не варта. Лукашэнка скончыў - не пляскаюць нават тыповыя «застабілы».
«Паведамляюць пра затрыманьні тых, хто спрабаваў пляскаць падчас прамовы А. Лукашэнкі»
Журналісты «Радыё Свабода» таксама чулі, як куратары груп прадстаўнікоў прадпрыемстваў загадвалі сваім людзям стаяць ціха, не пляскаць у ладкі, нічога не выкрыкваць, ніяк не выказваць свае эмоцыі. Гэта значыць, людзі павінныя стаяць моўчкі. Мабыць, падобным чынам ідэолагі спрабавалі ўсяляк адмежавацца ад актывістаў кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі».
Такія меры бяспекі тлумачацца заклікамі ў Інтэрнэце выйсці 3 ліпеня на чарговую «маўклівую» акцыю пратэсту і пляскаць у далоні на знак пратэсту супраць палітыкі ўладаў.
Яшчэ не да заканчэння праграмы свята народ стаў масава разбягацца. Пасля таго, як Лукашэнка пакінуў трыбуну, пільнасць спецслужбаў і ідэолагаў звялася да мінімуму і людзі літаральна хлынулі далей ад арэны святкавання. На месцах засталіся толькі тыя, каго загналі на трыбуны.