Павел Свярдлоў: Затрымлівалі нават тых, хто здымаў парад на тэлефон
- 4.07.2011, 10:01
Карэспандэнт «Еўрарадыё» Павал Свярдлоў быў затрыманы ў 12.30 каля дома 31 па праспекце Машэрава.
Паводле міліцэйскага пратаколу, ён і яшчэ 22 незнаёмых яму чалавека збіраліся там стыхійна і парушалі артыкул 17.1 Адміністрацыйнага кодэкса: яны адначасова лаяліся матам, не рэагуючы на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі. Пра гэта «Еўрарадыё» паразмаўляла са сваім карэспандэнтам пасля яго вызвалення.
- Як табе 3 ліпеня, Павел?
- Дзень выдатны, на Акрэсціна я выспаўся ўпершыню за апошнія два тыдні, хоць было цвердавата. Я і 9 хлопцаў сядзелі ў камеры, над дзвярыма якой было напісана «Малады фронт». Так што мы там былі не першыя.
- І не апошнія. Як цябе затрымалі і з кім?
- Там затрымлівалі без якіх-небудзь правілаў. Узялі, напрыклад, хлопца, які прыехаў на парад ва в’етнамках, шортах і футболцы, - звычайны летні мінак. Па ягоных словах, яго з іншым паспелі прапусціць праз турнікеты, а трэцяга сябра, з якім яны былі, - не. Першыя двое паспелі прайсці метраў 200, як іх папрасілі «прайсці». У мяне склалася ўражанне, што нас ўзялі і трымалі на Акрэсціна, каб мы не паехалі далей на акцыі, хоць, паўтаруся, людзей, якія наогул збіраліся ўдзельнічаць у якіх-небудзь акцыях, сярод нас амаль не было.
Нас прывезлі ў Фрунзенскае РАУС і там міліцыянты пыталіся: «Вас за што ўзялі?». А хлопцы перапытвалі: «Па пратаколе альбо па факце?». Бо па пратаколе мы ведалі, што нам інкрымінуюць, а па факце - не было за што. Бралі тых, хто пляскаў ці паварочваўся спіной да Аляксандра Лукашэнкі. Але іх сярод затрыманых было вельмі няшмат. Таму што бралі і проста тых, хто здымаў парад на тэлефон. Я стаяў, да мяне падышлі ззаду, узялі за локаць і сказалі: «Праходзьце, калі ласка». У аўтобусе сядзелі яшчэ 12 чалавек, якія сустрэлі апладысментамі. Потым прывялі яшчэ трох, з іх двое - журналісты дзяржаўных СМІ.
- У чым цябе абвінавачвалі?
- Калі верыць пратаколу, то на былым праспекце Машэрава ў 12.30 каля дома 31 сышліся 23 незнаёмых чалавека, пачалі лаяцца матам, размахваць рукамі і не рэагаваць на заўвагі. Нібыта да нас падыходзілі і казалі: «Хлопцы, супакойцеся», а мы працягвалі.
- А суд будзе?
- Суд можа быць. Ёсць пратакол, у праваахоўнікаў мой пашпарт. Усё можа быць.
- Цябе ўзялі ў 12.30, а выпусцілі праз 10 гадзін. Ты вячэраў?
- Не, мы не вячэралі, хоць і распісаліся, што нас «паставілі на забеспячэнне». І хлопцы ўвечары паднялі бунт, лаяліся з нейкай цёткай, што няма запальніц і вячэры.