Спыняецца продаж АІ-95 і газу?
- 5.07.2011, 16:38
У Беларусі зноў паўсталі праблемы з наяўнасцю паліва на АЗС.
Сёння на некаторых станцыях зніклі бензін АІ-95 і газ. Як паведамляе крыніца auto.onliner.by, «сёння - заўтра продаж 95-га бензіну і газу спыняецца паўсюль».
Прычынай стала спыненне адгрузкі дадзенага паліва на запраўкі. Па словах крыніцы, бензін АІ-92 і дызельнае паліва можа знікнуць з беларускіх АЗС ўжо да канца тыдня.
«Пастаўкі АІ-92 і дызельнага паліва цяпер вельмі нерэгулярныя і негарантаваныя. 95-ы ўжо спынілі адгружаць, і невядома, калі яго пастаўкі адновяцца. І ці адновяцца...», - сказаў прадстаўнік адной з менскіх АЗС.
Прэс-служба «Белнафтахіма» не каментуе сітуацыю на запраўках іншых кампаній, а на «запраўкі «Белнафтахіма» пастаўкі паліва ажыццяўляюцца ў поўным аб'ёме».
Па стане на аўторак на некаторых менскіх запраўках бензін АІ-95 насамрэч ужо адсутнічаў. Астатнія віды паліва ёсць.