За працу на акцыі 3 ліпеня асуджаныя 6 журналістаў
- 5.07.2011, 16:47
Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), паведамляе, што па выніках акцый пратэсту, якія прайшлі ў Беларусі 3 ліпеня, асуджаныя шесть журналістаў.
Сябры БАЖ з Гродна Ігар Банцар і Алесь Дзянісаў прысуджаныя да 10 сутак арышту,
Юрый Гумянюк - да 12 сутак, Андрэй Фралоў і Мікалай Дзятчэня - да трох сутак, а таксама Ганна Ільіна з Магілёва - да шасці сутак.
Суды над журналістамі з Гродна праходзілі за зачыненымі дзвярыма ў ізалятары часовага ўтрымання Кастрычніцкага раёна. На суды не пусцілі ні калегаў, ні родных затрыманых. У знак пратэсту супраць рашэння суда Дзянісаў і Банцар абвясцілі галадоўку.
Журналістку з Магілёва асудзілі за ўдзел у шэсці 3 ліпеня і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
Перад судом таксама павінен паўстаць затрыманы 3 ліпеня гарадзенскі карэспандэнт «Радыё Свабода» Міхась Карневіч. Яго пачалі судзіць 4 ліпеня, але разгляд адклалі на 6 ліпеня.
Па звестках БАЖ, у розных рэгіёнах Беларусі 3 ліпеня было затрымана як мінімум 16 журналістаў недзяржаўных СМІ.