ПАРЕ: Не можа быць ніякага дыялогу з уладамі Беларусі
- 5.07.2011, 18:08
Андрэс Херкель, дакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы асудзіў «новую хвалю рэпрэсій у дачыненні да мірна пратэстуючых людзей, журналістаў і праваабаронцаў» у Беларусі.
Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе ПАРЕ, пра гэта гаворыцца ў заяве дакладчыка ад 5 ліпеня.
«Я занепакоены грубым разгонам мірных дэманстрантаў у Менску і іншых гарадах 3 ліпеня, калі сотні людзей былі жорстка збітыя і затрыманыя толькі за тое, што яны пляскалі ў ладкі», - заявіў Херкель.
Дакладчык зноў падкрэсліў, што не можа быць прагрэсу ў дыялогу паміж ПАРЕ і беларускімі ўладамі без іх «бачнага і адчувальнага руху да каштоўнасцей і стандартаў Рады Еўропы, уключаючы павагу права на свабоду сходаў і асацыяцый».
Херкель заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх, хто быў затрыманы падчас акцыі маўклівага пратэсту 3 ліпеня, а таксама неадкладна спыніць пераслед апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.