Расея не дасць крэдыт на інфраструктуру беларускай АЭС
- 6.07.2011, 14:49
Беларусь не будзе прэтэндаваць на атрыманне расейскага крэдыту на стварэнне сацыяльнай інфраструктуры для будучай АЭС.
Аб гэтым паведаміў сёння, адказваючы на пытанне БелТА, прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.
Кіраўнік урада адзначыў, што Беларусь вызначыла з расейскім бокам прынцыпы крэдытавання будаўніцтва АЭС.
«Мы дамовіліся з Кудрыным, і гэтае пытанне абмяркоўвалася з Пуціным аб прынцыпах крэдытавання самой станцыі, не толькі ядзернай выспы, а ў цэлым аб'екта, уключна з інжынернай інфраструктурай, неабходную для працы станцыі», - растлумачыў ён. Пры гэтым прэм'ер-міністр дадаў, што Беларусь адмовілася ад крэдытавання аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры для АЭС. «Гэта будзем будаваць за свае грошы», - падкрэсліў ён.
Адказваючы на пытанне аб памеры расейскага крэдыту на будаўніцтва беларускай АЭС, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што гэта будзе не менш 6-7 млрд. даляраў. «85% у нас ідзе па адпрацаванай схеме крэдытавання, з улікам таго, што мы не будзем прэтэндаваць на запазычанні пад сацыяльную інфраструктуру, - сказаў ён. - Мы дамовіліся, што крэдыт будзе прадастаўляцца і пад апошнія 15% за мінусам тых прац, якія ўжо выкананыя беларускім бокам. Дакладны аб'ём крэдыту пакажа экспертыза».
Прэм'ер-міністр нагадаў, што беларуская АЭС будзе блізнюком Балтыйскай АЭС у Калінінградскай вобласці. Цяпер праект Балтыйскай АЭС праходзіць дзяржаўную экспертызу ў Расеі. «Як толькі яна завершыцца, мы будзем дадаткова праводзіць беларускую дзяржэкспертызу іхняй станцыі дзеля таго, каб былі выпрацаваны асноўныя палажэнні кантрактнага пагаднення і генеральнага кантракту», - распавёў ён.
Кіраўнік урада выказаў упэўненасць, што запланаваныя земляныя працы на пляцоўцы для АЭС будуць ажыццяўляцца згодна з графікам. «Працы на пляцоўцы ўжо вядуцца, аднак гэта не той аб'ект, дзе трэба ладзіць сацыялістычныя спаборніцтвы», - рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч.