BE RU EN

Францыя нагадала беларускаму рэжыму пра санкцыі

  • 6.07.2011, 16:21

Францыя шкадуе аб асуджэнні беларускім судом карэспандэнта польскай «Газеты Выборчай».

Краіна заклікае Менск гарантаваць свабоду СМІ, заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Францыі Рамэн Надаль.

Карэспандэнт «Газеты Выборчай» Анджэй Пачобут быў арыштаваны па двух абвінавачваннях: у «абразе» і «паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта», і прызнаны вінаватым па другім пункце. 5 ліпеня суд Ленінскага раёна Гродна прысудзіў яго да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Журналіст быў вызвалены ў зале суда.

«Францыя шкадуе пра прысуд, вынесеным беларускай юстыцыі ў дачыненні да карэспандэнта польскага выдання «Газеты Выборчай» Анджэя Пачобута. Гэты прысуд зноў кажа пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца журналісты, выконваючы свой прафесійны абавязак у Беларусі», - заявіў Надаль на прэс-канферэнцыі ў Парыжы.

Францыя таксама выказвае занепакоенасць у сувязі «са сталым пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і, у прыватнасці, са свабодай слова».

«Нашая турбота адлюстраваная ва ўзмоцненых санкцыях Еўразвяза супраць беларускіх уладаў, прынятых міністрамі замежных справаў 20 чэрвеня», - сказаў прадстаўнік МЗС.

Парыж патрабуе ў беларускіх уладаў гарантаваць свабоду СМІ, свабоду мірных маніфестацый і вызваліць «вязняў сумлення».

Апошнія навіны