Ствараем Народную Апазіцыю! Ладзім Народны Сход!
- 8.07.2011, 17:15
Зварот арганізатараў акцыі «Народны сход», якая адбудзецца 8 кастрычніка.
Дарагія сябры і паплечнікі, удзельникі акцыяў пратэсту, што адбываюцца кожную сераду, актывісты дэмакратычных палітычных партыяў, грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзаў, былыя удзельнікі ініцыятыўных групаў дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты – усе, каму дарагая будучыня нашай краіны, яе свабода і незалежнасць.
Cітуацыя ў Беларусі змянілася кардынальна!
Нахабныя фальсіфікацыі выбараў 19 снежня, неабгрунтаваныя і дзікія арышты людзей, якія мірна выходзяць на плошчы сваіх гарадоў, ўразілі мільёны людзей. Упершыню тых, хто давярае Лукашэнку, стала менш за 30%.
У выніку галавакружнага нарастання эканамічных праблемаў маўклівая згода грамадства і ўлады пацярпела крах.
Улада не можа вывесці краіну з крызісу. На гаспадарчыя рэформы яна не ідзе, бо баіцца эканамічна свабодных людзей. Спробы ўратавацца шляхам саступак усходняму суседу выклікаюць разгубленасць і абурэнне грамадзянаў, якія цэняць жыццё ў незалежнай беларускай дзяржаве.
Цяжар крызісу і наступствы сваіх грубых памылак улада перакладае на плечы грамадзянаў.
Мы захапляемся мужнасцю тых людзей, што кожную сераду выходзяць на акцыі “маўклівага пратэсту”. Мы перакананыя, што масавыя арышты і пагроза рэпрэсіяў толькі на нейкі час могуць прыглушыць пратэст, але ён будзе нарастаць у схаванай форме і ў рэшце рэшт выплеснецца на плошчы беларускіх гарадоў.
У той жа час мы перакананыя, што перашкодзіць арыштам, вызваліць палітвязьняў і дамагчыся свабодных выбараў магчыма толькі тады, калі колькасць маніфестантаў будзе ў дзесяткі разоў пераўзыходзіць колькасьць карных сілаў дыктатарскага рэжыму.
Менавіта дзеля таго, каб зрабіць народныя выступленні ў абарону сваіх правоў максімальна масавымі і быў створаны аргкамітэт Народнага сходу.
Народны сход, які плянуецца правесці 8 кастрычніка гэтага году, гэта не партыйны з’езд і не кангрэс дэмакратычных сілаў у Мінску, у якім павінны ўдзельнічаць нейкія абраныя дэлегаты.
НАРОДНЫ СХОД, гэта МАСАВЫЯ МІТЫНГІ, якія павінны адбыцца 8 КАСТРЫЧНІКА АДНАЧАСОВА Ў МІНСКУ І ВА ЎСІХ ГАРАДОХ БЕЛАРУСІ і ў якіх павінны прыняць удзел СОТНІ ТЫСЯЧАЎ ЛЮДЗЕЙ.
Кожны чалавек, які не хоча болей цярпець дыктатуру ў сваёй краіне павінен зараз вызначыцца. Ці ён з’яўляецца пасіўным назіральнікам і чакае нармальнага жыцця невядома колькі доўга, ці ён актыўна далучаецца да падрыхтоўкі Народнага сходу і рэальна набліжае той час, калі Беларусь стане сапраўды дэмакратычнай еўрапейскай краінай.
Удзел кожнага актывіста ў падрыхтоўцы Народнага сходу можа быць цалкам пасільным і бяспечным. Зайдзі на сайт Народнага сходу http://www.narodnyshod.org, скачай ўзор улёткі, раздрукуй на прынтары 20 экзэмпляраў і раздай сваім калегам па працы ці раскідай па паштовых скрынях ў пад’ездзе свайго дома! Калі так зробіць кожны чытач незалежных сайтаў, мы перакананыя – 8 КАСТРЫЧНІКА на Плошчах Беларускіх гарадоў НАС БУДЗЕ СОТНІ ТЫСЯЧ!
Стварайце аргкамітэты і суполкі падтрымкі Народнага сходу ў вашых гарадох, раёнах, жэсах, дамах і па месцы працы! Далучайцеся да сумеснай працы! Разам мы пераможам!
Сустаршыні аргкамітэту Народнага сходу:
Віктар Івашкевіч
Генадзь Федыніч