У Гомелі выраслі тарыфы на праезд у грамадскім транспарце
- 1.08.2011, 17:30
Згодна з рашэннем аблвыканкама, з 31 ліпеня адна паездка на гарадскім аўтобусе ці тралейбусе каштуе 750 рублёў (да падаражэння - 700), адна паездка на тралейбусе пры набыцці квітка ў кіроўцы - 850 рублёў (800).
Кошт паездкі на маршрутных таксі павялічыўся з 1.440 і 1.560 рублёў да 1.500 і 1.620 адпаведна. Выраслі таксама тарыфы на праезд у прыгарадных аўтобусах. Апошні раз праезд у гарадскім транспарце Гомеля даражэў ў красавіку.
Нагадаем, у канцы мая Гомельскі аблвыканкам звярнуўся ў Савет міністраў з прапановай павысіць кошт праезду ў грамадскім транспарце да 1.100 рублёў у сувязі з падаражэннем паліва.
У гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН начальнік аддзела транспарту, камунікацый і экалогіі Гомельскага гарвыканкама Вячаслаў Пятроў адзначыў: замест прапанаванай сумы праезд, па распараджэнні Міністэрства эканомікі, падаражэў толькі на 50 рублёў. Гэта наўрад ці дапаможа гарадскому транспарту выйсці на рэнтабельную працу, дадаў Пятроў.