Ад Беларусі патрабуюць выдачы Бакіева
- 10.08.2011, 10:44
Група кіргізскіх праваабаронцаў з руху «7 красавіка» правяла ў сераду пікет каля будынка амбасады Беларусі.
Праваабаронцы патрабавалі выдачы былога кіраўніка рэспублікі Курманбека Бакіева, які ўцёк з краіны, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».
Кіраўнік руху Андуруш Тактанасыраў сказаў, што сябры арганізацыі «хацелі нагадаць уладам Беларусі, што на падставе Менскай канвенцыі яны павінныя выдаць Кыргызстану былога прэзідэнта, які на радзіме абвінавачваецца ў здзяйсненні цяжкіх злачынстваў».
«Бакіеў павінен адказаць за гібель грамадзянаў на цэнтральнай плошчы Бішкека 7 красавіка 2010 года», - патлумачыў суразмоўца агенцтва.
Пасля змены ўлады ў Кіргізіі, якая адбылася ў ходзе кровапралітных сутыкненняў у цэнтры Бішкека 7 красавіка 2010 года, у ходзе якіх загінулі больш за 80 чалавек, К. Бакіеў пакінуў рэспубліку і пражывае ў Беларусі. Менск адмовіўся выдаваць экс-прэзідэнта Бішкеку.
Акрамя таго, А. Тактанасыраў сказаў, што «сабраўшыся ля амбасады, мы хацелі выказаць салідарнасць з беларускімі апазіцыянерамі».
Кіргізскія праваабаронцы пачалі сваю акцыю ў Бішкеку, пляскаючы ў ладкі.
Милицыя, што забяспечвала парадак, не ўмешвалася ў тое, што адбываецца, акцыя доўжылася каля гадзіны.