«Малады Фронт»: Для Еўразвяза гандаль з дыктатурай больш важны за правы чалавека
- 12.08.2011, 10:29
Арышт Алеся Бяляцкага пацвярджае, што ў міжнародных грашовых справах палітвязні, дыктатура ў Еўропе і разбураныя чалавечыя лёсы сыходзяць на апошні план.
Пра гэта гаворыцца ў заяве Управы арганізацыі «Малады фронт», апублікаванай 11 жніўня.
- Нягледзячы на ўсе гучныя і паказальныя заявы аб санкцыях, тавараабарот і супрацоўніцтва спецслужбаў Беларусі і краінаў Еўразвяза толькі павялічваецца, - лічаць у арганізацыі. - Міжнародная супольнасць кажа аб немагчымасці перамоваў з тэрарыстамі, аднак яны паспяхова супрацоўнічаюць з апошнім дыктатарам у Еўропе, не зважаючы тым самым усе правы чалавека і банальна зарабляючы грошы на разбурэнні беларускай эканомікі.
У моладзевай арганізацыі лічаць, што мэта Еўразвяза - атрымаць кантроль над працэсамі ў Беларусі, для чаго еўрапейскія палітыкі выкарыстоўваюць сімвалічныя палітычныя дэкларацыі і нязначныя кропкавыя санкцыі.
- У Еўразвязе каштоўнасці правоў чалавека, на жаль, даўно не займаюць ранейшай ролі, асабліва калі справа тычыцца краінаў замежжа, і супярэчыць эканамічным інтарэсам, - заяўляюць у «Маладым фронце». - Ліхавід, Дашкевіч і іншыя палітвязні рызыкуюць беззваротна скалечыць здароўе ў карцэры і з-за здзекаў адміністрацый турмаў. Аднак для міжнароднай супольнасці больш важна падымаць тавараабарот з Беларуссю, рыхтавацца да правядзення хакейнага чэмпіянату ў Менску і распавядаць прыгожыя словы аб правах чалавека і гучна спачуваць рэпрэсаваным.
Беларусы ў любым выпадку не павінныя сядзець склаўшы рукі і вінаваціць замежных палітыкаў, упэўненыя маладыя актывісты.
- Ніхто нам дэмакратыю не прынясе, і не даставіць. Трэба не чакаць, пакуль нам дапаможа хто-небудзь з-за Буга, альбо з-за Сожа, а разлічваць на сябе і быць больш актыўнымі, каб дамагчыся свабоды і абараніць свой гонар як Нацыі, бо ніхто за нас гэтага не зробіць, - гаворыцца ў заяве.