Народны сход у Менску пройдзе на Бангалор
- 12.08.2011, 13:48
Аргкамітэт Народнага сходу вызначыў, што Менскі гарадскі сход будзе праводзіцца 8 кастрычніка, у парку Дружбы народаў з 13.00.
На сходзе будуць прынятыя патрабаванні да ўладаў, прызначаная дата, месца і час наступнага сходу, на якім людзі абмяркуюць рэакцыю ўладаў і прымуць рашэнні аб дзеяннях, якія павінныя будуць прымусіць улады выканаць патрабаванні народа.
Мэты акцыі пратэсту - вызваленне ўсіх палітвязняў, пратэст супраць пагаршэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне і новыя прэзідэнцкія выбары.
Паводле Закону аб мясцовых народных сходах рашэнне аб скліканні мясцовага сходу, нормах прадстаўніцтва і парадку выбрання ўпаўнаважаных для ўдзелу ў мясцовым сходзе афармляецца пратаколам пасяджэння арганізацыйнага камітэта альбо ініцыятыўнай групы і даводзіцца да ведама грамадзянаў, якія пражываюць на адпаведнай тэрыторыі, не пазней чым за 15 дзён да правядзення мясцовага сходу з указаннем часу, месца яго правядзення і пытанняў, якія выносяцца для абмеркавання.
Паводле Закону аб масавых мерапрыемствах (Артыкул 3.), парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, усталяваны гэтым Законам, не распаўсюджваецца на сходы, якія праводзяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах.
«Галоўнае не дзе, а колькі», - сказаў адзін з арганізатараў акцыі Віктар Івашкевіч, адказваючы на пытанне сайта charter97.org, чаму месцам збору акцыі абраная плошча Бангалор.
Як заяўляюць арганізатары, галоўнае патрабаванне Народнага сходу - вярніце людзям тое, што ў іх скралі:
- Вярніце заробкі і пенсіі да тых памераў (у даляравым эквіваленце), якімі яны былі ў пачатку года.
- Вярніце укладчыкам банкаў 1,3 млрд. даляраў, што яны страцілі ў выніку дэвальвацыі.
- Спыніце рост коштаў.
- Дайце магчымасць людзям свабодна абменьваць валюту і вяртаць валютныя крэдыты ў беларускіх рублях.
- Хай ўлады абнародуюць прыбыткі закрытых фондаў і кампаній. Хай лукашэнкаўскі асяродак раскрые свае прыбыткі і растлумачыць іхнія крыніцы. Гэта - мільярды даляраў.
- Няхай, у рэшце рэшт, дыктатар прадасць свае дзесяткі рэзідэнцый, асабістыя самалёты, верталёты, машыны і залатыя гадзіннікі, а з людзьмі разлічыцца.
- Усе палітвязні павінныя выйсці з турмаў, а на іхнія месца павінныя сесці сапраўдныя злачынцы, якія подла абакралі уласны народ.
- Павінныя адбыцца сапраўды вольныя выбары, на якіх беларускі народ вольна абярэць новую ўладу.