Алесь Бяляцкі: «Пакуль я ўсё ўспрымаю, як нешта нерэальнае»
- 12.08.2011, 16:04
Першыя звесткі аб знаходжанні праваабаронца Алеся Бяляцкага ў СІЗА атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук.
Ліст з турмы Алесь Бяляцкі адправіў 8 жніўня. У лісце праваабаронца распавядае пра тое, як ён прывыкае да турэмнага рэжыму.
Вось што напісаў Алесь Бяляцкі ў сваім лісце, паведамляе ПЦ «Вясна»: «Жыццё працягваецца, я паступова асвойваць і вывучаю няхітрыя навукі жыцця ў СІЗА. Устаем рана а 6-й, кладземся таксама рана - у 22.00. Дзіўным чынам арганізм хутка прыстасоўваецца да забытага ўжо з часоў службы ў войску распарадку. Тут усё робіцца павольна, але вельмі выразна і «з густам». Шпацыр - «са смакам», паход у лазню - «са смакам».
...Вадзілі да лекара, зрабілі флюараграфію, адкаталі пальчыкі ўжо другі раз за гэтыя тры дні, завялі медыцынскую картку. Скаргаў на здароўе ў мяне няма.
...Пакуль я ўсё ўспрымаю, як нешта нерэальнае, паглядзім, якія адчуванні з'явяцца пазней.
...У гэтую спякоту было трохі душнавата, але прайшоў дождж, і на прагулцы паветра было свежым і чыстым. Добра, што доўгія светлыя дні, у мяне на святло заўсёды добрая рэакцыя».