Марэк Мігальскі: Рашэнне польскіх чыноўнікаў падрывае ідэі «Салідарнасці»
- 12.08.2011, 17:26
Дэпутат Еўрапарламента правёў у Катовіцах прэс-канферэнцыю ў сувязі з прадстаўленнем Генпракуратурай Польшчы Беларусі інфармацыі аб банкаўскіх рахунках старшыні ПЦ «Вясна».
«Беларусы змагаюцца за дэмакратыю таксама, як палякі ў мінулым стагоддзі. Рашэнне польскіх чыноўнікаў падрывае ідэю «Салідарнасці», падрывае нашую нацыянальную марку», - сказаў Марэк Мігальскі.
На думку еўрадэпутата, прадстаўленне беларускім следчым інфармацыі аб банкаўскім рахунку Бяляцкага не адпавядае прынцыпам прававой дэмакратычнай дзяржавы. Бо перададзеная інфармацыя на самой справе пагражае жыццю і здароўю беларускай апазіцыі.
«Калі рашэнне пракуратуры было прынятае ў адпаведнасці з дзеючым у Польшчы законам, то такі шкодны закон павінен быць зменены палітыкамі. Абавязак генеральнага пракурора складаецца ў даследаванні пытання як мага хутчэй. Калі закон быў парушаны, чыноўнік павінен панесці адказнасць за сваё рашэнне», - цытуе Мігальскага прэс-цэнтр «Вясны».