Севярынец будзе працаваць на ферме
- 18.08.2011, 10:49
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», асуджаны на тры гады абмежавання волі, будзе працаваць у фермерскай гаспадарцы.
Як паведамляе БелаПАН, фермерская гаспадарка знаходзіцца на тэрыторыі былой вайсковай часткі ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна (Брэсцкая вобласць). «Гэта фермерская гаспадарка «Бардо». Мяне туды прызначылі працаваць па загадзе са спецкамендатуры. Пакуль мае абавязкі не вызначаныя. Усё будзе вядома 19 жніўня», - адзначыў Севярынец.
Фермерская гаспадарка «Бардо» было створаная 30 красавіку 2003 года. Займаецца вырошчваннем бульбы, капусты, буракоў, морквы, збожжавых (ячмень, пшаніца, лубін), аптовым і рознічным гандлем сельскагаспадарчай прадукцыяй, запчасткамі да сельгасмашын, рэстаўраванай і новай тэхнікай, рыбаводствам і рыбалоўствам.
Севярынец адзначыў, што да гэтага часу «не бачыў афіцыйна падпісанага дазволу на наведванне царквы». Ён паведаміў, што напісаў заяву з просьбай на наведванне царквы кожную нядзелю. Бліжэйшая царква знаходзіцца ў Пружанах.