BE RU EN

Міліцыянты, якія збілі журналіста, на судзе не з'явіліся

  • 19.08.2011, 18:00

Адміністрацыйная справа журналіста Белсата Сяргея Карпенкі, якая разглядалася сёння на працягу дзвюх гадзін у Лідскім раённым судзе, перанесеная на 22 жніўня.

Перанос суда звязаны з тым, што пакуль на працэсе не з'явіліся галоўныя сведкі з боку Лідскай міліцыі.

Нагадаем, 22 чэрвеня, калі ў сталіцы, абласных цэнтрах і рэгіёнах адбываліся «маўклівыя акцыі», Сяргей Карпенка быў у Лідзе разам з жонкай недалёка ад плошчы Леніна - месца правядзення акцыі.

Да яго кінуліся міліцыянты і запатрабавалі, каб ён прайшоў з імі на размову. Калі журналіст адмовіўся, супраць яго ўжылі грубую сілу. Падчас затрымання Карпенку разбілі галаву. У шпіталі яму наклалі тры шва.

Гэты выпадак выклікаў рэзананс у Інтэрнэце. Людзей абурылі паводзіны супрацоўнікаў міліцыі. Тым часам супраць журналіста распачалі адміністрацыйную справу, абвінаваціўшы яго ў нецэнзурнай лаянцы і непадпарадкаванні міліцыянтам.

Апошнія навіны