МАЗ губляе долю на расейскім рынку
- 22.08.2011, 9:23
Доля беларускага вытворцы аўтамабіляў ААТ «МАЗ» на расейскім рынку па выніках 1 паўгоддзя 2011 года скарацілася.
Беларусаў выціскаюць замежныя вытворцы, паведамляе «Ежедневник».
Так, у сегменце аўтамабіляў поўнай масы 14-40 тон доля МАЗа скарацілася ў параўнанні з 1 кварталам бягучага года на 2% - з 14,3% да 12,3%. У сегменце сярэднетанажных аўтамабіляў (8-14 тон) доля беларускага вытворцы паменшылася з 22,7% да 21,9%. Гэтыя дадзеныя змяшчаюцца ў штоквартальнай справаздачы расейскай кампаніі КаМАЗ, з якой беларускі вытворца вядзе перамовы аб стварэнні холдынгу.
КаМАЗ, наадварот, некалькі павялічыў сваю долю як у сегменце аўтамабіляў поўнай масы 14-40 тон (з 38,8% да 39,1%), так і па сярэднетанажных (з 12,3% да 15,3%).
Аднак найбольшую дынаміку ў 1 паўгоддзі 2011 года дэманстравалі замежныя вытворцы і пастаўшчыкі тэхнікі. Іхняя доля вырасла ў параўнанні з 1 кварталам 2011 года з 35,2% да 37,4%, а ў сегменце сярэднетанажных аўтамабіляў - з 21,3% да 32,2%.
У святле узмацнення пазіцый замежных вытворцаў як для КаМАЗа, так і для МАЗа актуальным выглядае завяршэнне перамоўнага працэсу па аб'яднанню, адзначаюць эксперты «Ежедневника». У гэтым выпадку расейска-беларускі холдынг зможа заняць і захаваць дамінуючыя пазіцыі на расейскім рынку.