Амбасада Лівіі ў Менску вывесілі сцяг паўстанцаў (Фота)
- 22.08.2011, 14:55
Замест сцяга Кадафі над будынкам амбасады Лівіі сёння лунае штандар Нацыянальнай пераходнай рады.
Амбасада Лівіі ў Менску замяніла дзяржаўны сцяг на паўстанцкі. У самым дыппрадстаўніцтве гэта не каментуюць. У гутарцы з «Еўрарадыё» супрацоўнік амбасады пацвердзіў, што сцяг сапраўды замянілі сёння раніцай, і што гэта звязана з развіццём падзеяў у Лівіі.
Пад такім сцягам Нацыянальнай пераходнай рады з рэжымам Кадафі змагаюцца лівійскія паўстанцы.
Між тым афіцыйны дзяржаўны сцяг Лівіі ўяўляе сабой зялёнае палатно.
Наступленне паўстанцаў на Трыпалі пачалося ўвечары ў суботу, 20 жніўня. Напярэдадні штурму праціўнікі дыктатара Муамара Кадафі захапілі некалькі гарадоў вакол сталіцы, фактычна узяўшы яе ў кальцо. Актыўную падтрымку штурмоўцам аказваюць сілы НАТА.
Да ночы на панядзелак рэвалюцыянеры захапілі амаль усе кварталы Трыпалі. Паўстанцам атрымалася затрымаць дваіх сыноў лівійскага лідэра - Махамада і Сейф аль-Іслама. Абодва яны знаходзяцца пад вартай.
Па звестках «Аль-Джазіры», перамовы аб выдачы Сейф аль-Іслама з паўстанцамі ў бліжэйшы час пачне Міжнародны крымінальны суд (МУС). Між тым Махамад, які сам здаўся паўстанцам, ужо выступіў са зваротам па тэлебачанні, у якім прызнаў, што да паўстання ў Лівіі прывяла недальнабачная палітыка ўладаў.
Лівійскі дыктатар пакуль хаваецца.