Кубілюс: Не павінна застацца сумневаў
- 22.08.2011, 17:01
Прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс перакананы, што не павінна застацца ніякіх сумневаў у тым, што неабходна аказваць падтрымку беларускім дэмакратычным сілам.
«Мы абмеркавалі вынікі, якія працоўная група павінная ў бліжэйшай будучыні прадставіць і якія змены мы павінныя ажыццявіць у дзейнасці асобных ведамстваў. Усё гэта для таго, каб ніхто не сумняваўся наконт падтрымкі беларускім дэмакратычным сілам і апазіцыі, і каб адначасова не засталося ніякіх сумневаў з нагоды працы нашай прававой сістэмы», - сказаў А. Кубілюс ў панядзелак пасля паседжання ўрада, перадае DELFI.
Як ужо паведамлялася, у мінулы чацвер кіраўнік дэпартамента міжнароднага права Міністэрства юстыцыі Літвы Аушра Бернптэне вырашыла па ўласным жаданні сысці з пасады. Ейную заяву аб звальненні падпісаў міністр юстыцыі Рэмігіюс Шымашус.
Вядомы апазіцыянер Алесь Бяляцкі некалькі тыдняў таму быў затрыманы ў Менску, ён падазраецца ва ўтойванні падаткаў. Службовыя асобы Беларусі сцвярджаюць, што прад'явілі яму падазрэнні на падставе дадзеных, атрыманых ад Мінюста Літвы.
Бяляцкаму пагражае сем гадоў пазбаўлення волі.
Літва і Польшча выбачыліся за тое, што перадалі Менску дадзеныя аб банкаўскіх рахунках Бяляцкага. Абедзве краіны паказалі, што інфармацыя прадстаўленая на падставе двухбаковых дамоваў.