Яўген Васьковіч апынуўся ў калоніі «без права ліставання»
- 22.08.2011, 17:59
Яму дазволена толькі атрымліваць лісты, але нельга пісаць іх.
Зняволенаму, асуджанаму да 7 гадоў зняволення ў Магілёўскай калёніі, таксама нельга атрымліваць перадачы і сустракацца з роднымі і блізкімі.
Хлопца пакаралі за «невыкананне правілаў унутранага распарадку». Таксама сваякам Яўгена паведамілі, што ў палітвязня ёсць права патэлефанаваць родным, але ён пакуль ім не скарыстаўся. Цяпер ён не можа нават напісаць апеляцыю ў суд, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на бабруйскі партал.
Маці і бабуля даведаліся аб пакаранні, калі паехалі ў Магілёў з перадачай - у калоніі адмовіліся яе прыняць. Там сказалі, што пакаранне будзе дзейнічаць да снежня, а далей невядома.
Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павел Сырамалотаў атрымалі па сем гадоў пазбаўлення волі ў папраўчых калоніях ўзмоцненага рэжыму за падпал дзвярэй Бабруйскага аддзялення КДБ.