Пасля падаражэння мяса больш не стане
- 24.08.2011, 9:34
Супрацоўніца адміністрацыі Віцебскага мясакамбіната патлумачыла, чаму ў крамах мяса днём з агнём не адшукаеш.
Павелічэнне адпускных коштаў на 10% на свініну ніяк не паўплывае на колькасць вырабленай прадукцыі, лічыць намесніца дырэктара па эканоміцы Віцебскага мясакамбіната Ларыса Казакевіч.
- Закупачныя кошты растуць значна больш хутка за адпускныя, стрыманых дзяржавай, таму прадпрыемству выгадна скарачаць асартымент і вырабляць толькі тое, што прыносіць прыбытак, - заявіла субяседніца газеце «Салідарнасць».
На думку Ларысы Казакевіч, мясныя прылаўкі ў крамах пусцеюць таксама з-за вывазу прадукцыі расейцамі. Акрамя таго, у Віцебскай вобласці гаспадаркі скарацілі рэалізацыю жывёлы прадпрыемству.
Такім чынам, на мясакамбінаце абверглі версію начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Менгарвыканкама Андрэя Новікава, які заявіў, што ва ўсім вінаваты «ажыятажны попыт насельніцтва».