Спынены крымінальны пераслед Уладзіміра Кобеца
- 29.08.2011, 12:56
На хатні адрас кіраўніка выбарчага штаба Андрэя Саннікава Уладзіміра Кобеца прыйшлі дзве афіцыйныя паперы з міліцыі.
«У першым лісце знаходзіцца паведамленне аб спыненні крымінальнага пераследу. У другім - што знятае часовае абмежаванне на права грамадзяніна выязджаць за межы Беларусі», - паведаміў Уладзімір Кобец.
Уладзімір Кобец быў кіраўніком выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Пасля выбараў Кобеца арыштавалі і больш за месяц трымалі ў следчым ізалятары КДБ па падазрэнні ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня.
Раней сілавыя структуры спынілі крымінальныя справы супраць: кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі; рэдактаркі сайта «Хартыя-97» Наталлі Радзінай; грамадскага актывіста Алега Корбана; былога кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва; актывіста перадвыбарчага штаба Мікалая Статкевіча Алеся Арастовіча.
У турмах працягваюць знаходзіцца больш за 25 палітвязняў, у тым ліку кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Зміцер Ус. Спыненне крымінальнага пераследу некалькіх абвінавачаных па «справе 19 снежня» звязанае з банальным гандлем рэжыму Лукашэнкі з Захадам.