Валюту не адпускаюць
- 3.08.2011, 11:36
Беларускія банкі атрымалі права ўсталёўваць свабодныя тарыфы на ажыццяўленне банкаўскіх аперацый.
У межах коштавай лібералізацыі кошты банкаўскіх паслугаў павінныя зараз фарміравацца на падставе попыту і прапановы.
Аднак тарыфная лібералізацыя пакуль не кранула аперацыі па абмене валюты па картках. Яны да гэтага часу рэгламентаваныя.
Як распавяла Інфабанку крыніца ў банкаўскіх колах, валютаабменныя аперацыі - і на наяўным рынку, і канверсія па картках, як і на ўсіх іншых сегментах валютнага рынку, праходзяць у рамках межавых значэнняў абменных курсаў. Яны могуць вагацца плюс-мінус 2% у той ці іншы бок ад афіцыйнага курсу беларускага рубля.
Пры гэтым крыніца адзначыла, што ўсе аперацыі, звязаныя з абменам валюты, уключаныя ў пытанні курсаўтварэння, а не коштаўтварэння. У цяперашні час склалася сітуацыя множнасці курсаў. У сувязі з гэтым ваганні курсу ў 2% - гэта арыенцір для сістэмы разліку і ўліку. Афіцыйны курс Нацбанка носіць характар базавай велічыні. Для таго, каб яна ператварылася ў сістэму ўзаемных валютаабменных аперацый, патрэбныя адпаведныя эканамічныя ўмовы. Як можна меркаваць па апошніх выказваннях кіраўнікоў урада і Нацбанка, зараз ідзе актыўная праца па іх фарміраванні, і яна знаходзіцца ў вырашальнай стадыі.