Валюта - па пашпарце?
- 3.08.2011, 12:22
У Нацбанку не пацвярджаюць чуткі аб верагодным увядзенні нормы па набыцці валюты ў абменных пунктах па пашпарце і іншых абмежаваннях.
«Такога дакумента мы не рыхтуем», - заявілі БелаПАН ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка.
Інфармацыя аб будучых абмежаваннях на валютным рынку з'явілася ў шэрагу СМІ пасля заявы, зробленай прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам 22 ліпеня на цырымоніі ўручэння ўзнагарод пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Лепшы прадпрымальнік 2010 года». «Цяпер урад і Нацыянальны банк прапрацоўваюць меры, якія будуць унесеныя на рознічным і біржавых рынках з мэтай поўнага кантролю над валютнымі плынямі», - заявіў Мясніковіч. Валюта, падкрэсліў ён, «гэта дарагі рэсурс, з гэтым трэба лічыцца, трэба распараджацца ёю так, як гэта павіннае быць».
Пасля гэтага ў СМІ з'явіліся здагадкі экспертаў аб тым, што можа быць вернутая норма, згодна з якой продаж валюты ў абменных пунктах будзе ажыццяўляцца пры прад'яўленні пашпарта альбо іншых дакументаў, што сведчаць асобу, а таксама ўведзеныя абмежаванні па суме набыцця валюты на працягу сутак.
Варта таксама адзначыць, што ў чэрвені прадстаўнікі бізнес-супольнасці накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта праект праграмы першачарговых крокаў па выхадзе з валютнага крызісу. У якасці адной з мер па аднаўленні работы наяўнага рынка валюты прапаноўвалася ўвесці «разумны дзённы ліміт на продаж валюты ў адным банку на адзін пашпарт грамадзяніна».