Андрэй Тур: «Яны ў сваім рэпэртуары»
- 3.08.2011, 12:27
Камэнтуючы ліст шасьці амэрыканскіх сэнатараў, намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур заявіў, што яны дзейнічаюць "у сваім рэпэртуары".
У сваім лісце яны заклікаюць кіраўніка амэрыканскага прадстаўніцтва ў МВФ Тымаці Гейтнэра галасаваць супраць выдзяленьня крэдыту Беларусі.
"У прынцыпе, гэта яшчэ раз пакажа твар усіх гэтых дзеячаў. Яны нічога ня кажуць пра Грузію і даюць ім крэдыты. А тут — гэта так, усе элемэнты дваістых і траістых стандартаў. Чысты тыпаж, больш нічога няма", заявіў Андрэй Тур карэспандэнту "Свабоды".
Ці пойдзе Беларусь дзеля крэдытаў на вызваленьне палітвязьняў і на рэформы? На гэта спадар Тур адзначыў:
"Ніхто ж ня кажа, што ніхто ня пойдзе. Для іх гэта ня мае ніякага значэньня. Пойдзем на гэта — будуць вылучаныя нейкія іншыя патрабаваньні. Усё гэта стандартны варыянт для амэрыканцаў. Гэта не істотныя патрабаваньні, гэта толькі каб зачапіцца і ня даць. Гэта ўжо ня першы раз і чыста стандартны варыянт падыходу".
Паводле спадара Тура, праца над крэдытам МВФ для Беларусі працягваецца.