Канчатковае рашэнне валютнага пытання: заддосілі prokopovi.ch
- 30.08.2011, 8:50
Другія суткі папулярны «валютны» інтэрнэт-рэсурс prokopovi.ch недасяжны.
Як патлумачыў tut.by ўладальнік сайта, рэсурс, на які ў Беларусі арыентуюцца пры фарміраванні неафіцыйнага валютнага курсу, апынуўся пад DDoS-нападам.
«Сайт пад DDoS-нападам, прыкладна гадзіну. Перагружаны ўваходзячымі злучэннямі. Нападнікі спрабавалі сілы ўчора на працягу 10 хвілін, сёння ўключыліся на поўную. Адмін ў курсе, спрабуе зрабіць, што можа, але тут нашыя магчымасці абмежаваныя. Пакуль адключылі сервер», - распавёў ўчора ўладальнік рэсурсу.
Як раней паведамлялася, Генеральная пракуратура яшчэ ў маі выяўляла незадаволенасць дзейнасцю сайта па нелегальным абмене валют.
Генпракуратура вынесла пастанову аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу, які прапагандуе дзейнасць па незаконным абмене валют, абмежаванне распаўсюджвалася на дзяржустановы. У пракуратуры лічаць, што на сайце ўсталёўваюцца адвольныя курсы абмену валюты і канверсіі, якія не адпавядаюць курсам абмену ў банках.
Нагадаем, некалькі дзён таму Лукашэнка паабяцаў зрабіць у канцы жніўня канкрэтныя крокі па рашэнні валютнага пытання.