Множнасць курсаў даляра легалізуюць
- 30.08.2011, 14:10
З сярэдзіны верасня на валютна-фондавай біржы адкрыецца дадатковая сесія.
«Курс беларускага рубля будзе вызначацца попытам і прапановай, як і любы іншы тавар. Мы штучна падтрымліваць курс не плануем», - заявіў А. Лукашэнка ў аўторак на нарадзе па сацыяльна-эканамічных пытаннях, перадае «Інтэрфакс Захад».
«Я пагадзіўся з прапановай Нацбанка аб адкрыцці з сярэдзіны верасня - 12-14-15 чысла - дадатковай сесіі таргоў на валютнай біржы, на якой можна будзе вольна купіць і прадаць даляры, еўра, расейскія рублі і іншую валюту», - заявіў А. Лукашэнка . Пры гэтым ён даручыў ураду і Нацбанку «ўзяць пад жорсткі кантроль працу біржы».
Між тым, працягнуў кіраўнік дзяржавы, «на асноўнай сесіі валюта будзе прадавацца толькі для аплаты газу, электраэнергіі і іншых неадкладных плацяжоў». У сувязі з гэтым прэзідэнт паведаміў, што ім падпісаны ўказ, які адмяняе «ўсялякія ільготы па абавязковым продажы валюты».
Ён падкрэсліў, што «ўсе абменныя пункты банкаў пасля адкрыцця дадатковай сесіі абавязаныя будуць праводзіць пакупку і продаж валюты насельніцтву па рынкавым курсе».
Звяртаючыся да кіраўнікоў камітэта Дзяржкантролю і праваахоўных органаў, Лукашэнка паставіў задачу жорстка кантраляваць «спекулянтаў, якія штучна нагнятаюць абстаноўку». «Гэта тычыцца і сродкаў масавай інфармацыі», - сказаў А. Лукашэнка.
Кіраўнік таксама запатрабаваў «ад Нацыянальнага банка штодня адсочваць сітуацыю, пры неабходнасці ўмешвацца, збіваючы спекулятыўныя напады. Сродкі для гэтага ёсць», - заявіў А. Лукашэнка.
Па ягоных словах, «усім жадаючым набыць валюту, ад чаго так стогне насельніцтва і асабліва - у горадзе-героі Менску, магчымасць такая будзе прадастаўленая».