Зміцера Дашкевіча 8 разоў змяшчалі ў карцэр
- 30.08.2011, 16:07
А цяпер яму пагражае яшчэ адна крымінальная справа.
Нявеста палітвязня Анастасія Палажанка распавяла аб выніках сустрэчы Зміцера з адвакатам 24 жніўня. Да гэтага адвакату пяць разоў адмаўлялі ў такой магчымасці, паведамляе «Наша Ніва».
Па словах Палажанка, Зміцер не змог распавесці аб усіх парушэннях: размова з адвакатам праходзіла ў прысутнасці супрацоўніка калоніі. Але ён распавёў пра здзекі, якія здзяйсняюцца ў дачыненні да яго.
Так, Дашкевіч паведаміў, што намеснік начальніка па аператыўна-рэжымнай працы Аляксандр Лапатка прымусіў Зміцера ўсю ноч прастаяць у калідоры. А раніцай загадаў ісці на працу. Пасля адмовы Дашкевіч быў змешчаны ў карцэр.
Таксама Зміцер паскардзіўся на нізкую тэмпературу ў СІЗА і памяшканні камернага тыпу, дзе зараз знаходзіцца. Ён адзначыў, што пасля гадзіны сну прыходзіцца паўгадзіны адціскацца ад падлогі - каб сагрэцца. І ўжо зараз просіць перадаць яму пальчаткі.
Зміцер Дашкевіч і ягоны адвакат не маюць магчымасці азнаёміцца з рапартамі, на падставе якіх палітвязня караюць. А значыць і не могуць іх абскардзіць. Зміцер ужо пазбаўлены ўсіх магчымых сустрэч. А з перадач яму дазволеныя толькі дзве бандэролі на год па 2 кг.
Палажанка лічыць, што гэта не выключныя адносіны непасрэдна да палітвязня. А гэта звычайныя паводзіны супрацоўнікаў калоніі з усімі асуджанымі.
Праваабаронца Андрэй Бандарэнка адзначыў, што ўжо ў бліжэйшыя дні Зміцера могуць пазнаёміць з новай крымінальнай справай. Па арт. 411 КК - злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы. Да двух гадоў, на якія Зміцер асуджаны, могуць дадацца яшчэ 1-2 гады.