Ажубаліс: З Лукашэнка Еўропа за стол перамоваў не сядзе
- 31.08.2011, 9:25
Спачатку павінныя выйсці на волю ўсе вязні сумлення.
Балтыйскія і Паўночныя краіны прытрымліваюцца думкі, што публічныя прапановы Аляксандра Лукашэнкі сесці за стол перамоваў павінныя быць разгледжаны толькі пасля таго, як яго рэжым адпусціць на волю ўсіх палітычных зняволеных, заявіў у аўторак літоўскі міністр замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс пасля сустрэчы міністраў у Хельсінкі, перадае DELFI.
«На нашую думку, за стол ніхто не сядзе, пакуль не будуць вызваленыя палітычныя зняволеныя», - сказаў па тэлефоне з Хельсінкі міністр.
Ажубаліс адзначыў, што адзіную пазіцыю васьмі краін афіцыйна выказаў міністр замежных справаў Фінляндыі, які выступіў з заявай, якая заклікае беларускае кіраўніцтва неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных.
Аляксандр Лукашэнка выступіў з прапановай да палітычных апанентаў, прадстаўнікоў ЕЗ і Расеі за «круглым сталом» абмеркаваць сітуацыю ў краіне.
«Я як кіраўнік дзяржавы прапаную ўсім людзям цвярозага розуму і тым, хто любіць сваю краіну, да якога б палітычнага лагеру яны не належалі, сесці за круглы стол, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можа зрабіць для эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне», - сказаў ён на нарадзе педагагічнага актыву Беларусі.
Па ягоных словах, «нашая сіла ў адзінстве, і будучыню краіны трэба вырашаць не на плошчах і барыкадах, а шляхам дыялогу, нармальнай чалавечай размовы».
У згаданай сустрэчы ў Хельсінкі, акрамя літоўскага і фінскага міністраў, таксама прынялі ўдзел міністры замежных справаў Швецыі, Латвіі, Ісландыі і Эстоніі, а таксама службовыя асобы Даніі і Нарвегіі.