Кошты растуць на ўсё
- 1.09.2011, 9:54
З 1 верасня ў Беларусі ў чарговы раз падаражэла камуналка, шэраг прадуктаў і тавараў.
Новыя тарыфы на некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі ўсталяваныя ў Беларусі з 1 верасня 2011 года.
Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета міністраў Беларусі N1153 ад 30 жніўня, тэкст якой размешчаны на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.
Так, у адпаведнасці з дакументам, тарыф на паслугі па тэхнічным абслугоўванні жылых дамоў павялічыўся ў параўнанні з дзеючым раней тарыфам на 10%, да Br340 рублёў на месяц за 1 кв.м агульнай плошчы жылога памяшкання.
Тарыф на халоднае водазабеспячэнне павялічыўся на 25,1%, да Br585 за 1 куб.м. Акрамя таго, павысіўся тарыф на каналізацыю на 26% - да Br305 за 1 куб.м, а таксама за карыстанне ліфтам на 19,6% - да Br1700 з аднаго пражываючага ў месяц.
Як паведамлялася, з 1 жніўня бягучага года на 10% былі павышаны тарыфы для насельніцтва на цеплазабеспячэнне і прыродны газ.
Так, тарыф на цеплавую энергію для патрэбаў ацяплення і гарачага водазабеспячэння быў падвышаны да Br47804. Кошт 1 куб.м. прыроднага газу для грамадзянаў, кватэры якіх абсталяваныя газавымі лічыльнікамі, была ўсталяваная на ўзроўні Br933, 6. У выпадку, калі жылое памяшканне не абсталяванае прыборамі ўліку, тарыф для аднаго пражываючага склаў на месяц Br7468 (пры наяўнасці газавай пліты і цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння) або Br21472 (пры наяўнасці газавай пліты і газавага воданагравальніка).
C сённяшняга дня таксама на 9,8% павышаюцца рознічныя кошты на звадкаваны газ пры рэалізацыі на АГЗС. У адпаведнасці з пастановай Мінэканомікі, лімітавы мінімальны кошт узрастае з Br2370 за літр да Br2600, лімітавая максімальная - з Br2550 да Br2800. Як паведамлялася раней, у жніўні кошты на звадкаваны газ у Беларусі, які адпускаецца праз АЗС, павялічыліся ў сярэднім на 24%.
Акрамя таго, Лукашэнка ўсталяваў новыя стаўкі акцызаў на алкагольную прадукцыю і тытунёвыя вырабы, якія будуць дзейнічаць з 1 верасня па 31 снежня 2011 года.
31 жніўня, у трэці раз за месяц, на 10% былі павышаны адпускныя кошты на ялавічыну і свініну.