Пачаліся першыя страйкі
- 1.09.2011, 16:25
Працаўнікі будаўнічага прадпрыемства ў Віцебску на адзін дзень адмовіліся працаваць з-за нізкага заробку.
Пра гэта Белсату паведаміў жыхар Віцебска, які пажадаў застацца неназваным.
«На прадпрыемстве «Жылпраект» скарачаюць працаўнікоў - пераважна моладзь і пенсіянераў, таксама некаторых пераводзяць на палову стаўкі. Кіраўніцтва тлумачыць сітуацыю проста: няма ні працы, ні грошай. У выніку ў новых мікрараёнах прыпынілі будаўніцтва. Заробкаў не павышаюць, а таму людзі адмаўляюцца працаваць звыш нормы, абураюцца», - паведаміў суразмоўца.
Сам ён працуе на абутковым прадпрыемстве «Белвест», дзе адміністрацыя таксама парушае працоўнае заканадаўства. «Нас прымушаюць працаваць у выходныя, хоць гэта не прапісана ў дамове. Калі адмовішся - не дадуць прэміі ці не падоўжаць кантракт. У мяне выкананне плана - 130%, аднак яшчэ ні разу я не атрымаў больш за 900 тыс. руб.», - кажа мужчына. Па ягоных словах, пратэстныя настроі наспяваюць на прадпрыемствах, але людзі па-ранейшаму баяцца адкрыта выказваць свае прэтэнзіі кіраўніцтву і чыноўнікам.
Старшыня незалежнага прафсаюза РЭП Аляксандр Ярашук тлумачыць гэта тым, што ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб запалохаць людзей. «Мы праводзім апытанні на буйных прадпрыемствах па ўсё краіне. Дык вось, працоўныя найбольш баяцца палітычных рэпрэсій і непадаўжэння кантракту».
Эксперт таксама звяртае ўвагу на тое, што ўлады зараз прымаюць псіхалагічныя меры, каб супакоіць сацыяльную незадаволенасць у грамадстве. «Было заяўлена аб падвышэнні стаўкі першага разраду, бюджэтнікам паабяцалі аднаразовую дапамогу 500 тыс. руб., Пенсіянерам і студэнтам - павысіць штомесячныя выплаты... Зразумела, што ўсе гэтыя крокі не зменяць фінансавай сітуацыі, гэта грашовы дадатак проста з'есць інфляцыя, але паколькі дзяржава мэтанакіравана выхоўвала працаўніка, які не думае аб перспектывах, як часовая гэтая мера можа паменшыць пратэстныя настроі».
Ярашук лічыць, што пратэсты сярод працаўнікоў могуць узнікаць стыхійна. «Гэта складана спрагназаваць, але пры такой напрузе ў грамадстве дастаткова, каб людзі не падзялілі чэргі за каўбасой, каб пачаўся сапраўдны бунт», - упэўнены ён.