Марэк Буцька: Перамовы з Лукашэнкам бессэнсоўныя
- 13.09.2011, 9:40
Былы першы сакратар амбасады Польшчы ў Менску лічыць, што гандаль палітвязнямі амаральны.
«Палітвязні рэзка былі б супраць таго, каб імі гандлявалі», - заявіў дыпламат і эксперт Марэк Буцька.
МЗС Балгарыі ў панядзелак абверг інфармацыю польскай газеты Rzeczpospolita аб тым, што міністр замежных справаў Мікалай Младзенаў на сустрэчы з кіраўніком Беларусі прапаноўваў 2 млрд еўра за вызваленне палітвязняў. Аднак ці магло такое пытанне наогул падымацца ў ходзе кантактаў паміж ЕЗ і ўладамі Беларусі?
- Улічваючы ранейшую палітыку ЕЗ і тое, што цяпер ніякія дзеянні ЕЗ не ў стане прымусіць Аляксандра Лукашэнку вызваліць палітвязняў, я думаю, нехта ў Еўразвязе мог прыйсці да высновы, што адзіны варыянт - гэта заплаціць... Нягледзячы на этычны і маральны аспекты, на тое, што былі абяцанні не гандляваць палітвязнямі, не гандляваць з Лукашэнкам, - сказаў «Еўрарадыё» былы першы сакратар амбасады Польшчы ў Менску, намеснік старшыні «Фонду свабода і дэмакратыя» Марэк Буцька.
«Вядома, з маральнага пункту гледжання гэта вельмі дрэнна. Вядома, хацелася б любым шляхам вызваліць палітвязняў, бо для іхнніх сем'яў і для іх саміх гэта вельмі важна, асабліва для тых, у каго дрэнны стан здароўя, як напрыклад, у Бандарэнкі, ці, напрыклад, як у Класкоўскага, у якога трое дзяцей і жонка. Я думаю, што цяпер шмат палітзняволеных рэзка былі б супраць таго, каб імі гандлявалі», - лічыць дыпламат.
Буцька настойвае на ўзмацненні ціску на рэжым Лукашэнкі:
- Я неаднаразова казаў, што на Лукашэнку дзейнічае толькі сіла і моцныя эканамічныя санкцыі, а таксама візавыя санкцыі, але не ў тым маштабе, у якім яны ёсць зараз, а ў дзясяткі разоў больш... Але еўрапейскія чыноўнікі проста баяцца такіх дзеянняў, яны вельмі далікатна падыходзяць і спрабуюць весці кулуарна палітыку. Яны спрабуюць неяк гандлявацца, але як гэта атрымліваецца, мы ўжо можам шмат гадоў назіраем.