BE RU EN

11 палітвязняў на волі (Спіс)

  • 14.09.2011, 16:12

Аляксандр Лукашэнка, «кіруючыся прынцыпамі гуманнасці», падпісаў указ аб памілаванні яшчэ 11 удзельнікаў падзеяў 19 снежня 2010 года.

Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка. Прозвішчы не называюцца.

Як паведамляе Радыё Свабода, з калоніі вызвалілі Паўла Вінаградава. Святлане Вінаградавай, жонцы палітвязня, паведамілі ў калоніі, што ейнага мужа вызваляюць ў 19-00. Яго абяцалі давезці да бліжэйшай чыгуначнай станцыі. З той жа калоніі вызваляюць Фёдара Мірзаянава.

Аляксандр Класкоўскі-старэйшы паведаміў, што ягоны сын вяртаецца з калоніі ў Менск. Са шклоўскай калоніі выпусцілі разам з Аляксандрам Класкоўскі Уладзіміра Лобана і Зміцера Новіка.

Аляксандр Атрошчанкаў таксама выйшаў на волю. Пра гэта паведаміў ягоны бацька. Аляксандра адвезлі на вазал, дзе яго сустрэў былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч. Вяртацца Аляксандр будзе з бацькам на машыне, які выехаў за сынам у Віцебск.

З Магілёўскай калоніі № 15 вызвалілі Аляксандра Малчанава. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла маці Аляксандра Галіна Андрэеўна. Яна датэлефанавалася ў калонію, ёй дзяжурны сказаў, што каля 19-00 Аляксандра выпусцілі. Ён ужо едзе ў Барысаў.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, у ліку памілаваных фігурантаў «справы 19 снежня» таксама апынуліся Алег Федаркевіч, Зміцер Буланов і Ілля Васілевіч. Яны адбывалі пакаранне ў калоніях Магілёва.

Па неправеранай інфармацыі, на волю таксама выйшаў Мікіта Ліхавід.

Нагадаем, 19 снежня 2010 года ў Менску была жорстка падаўленая шматтысячная акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, арыштаваныя сотні ўдзельнікаў, дзесяткі атрымалі шматгадовыя тэрміны, сярод іх - кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Зміцер Ус. Да памілавання ў турмах заставаліся 15 зняволеных, асуджаных за Плошчу, і 2 актывіста, асуджаныя нібыта за хуліганства за дзень да выбараў: Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў. Застаюцца за кратамі таксама прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі, якіх міжнародная супольнасць таксама прызнала палітычнымі зняволенымі.

Апошнія навіны