Жонкі кандыдатаў у прэзідэнты сумняюцца ў вызваленні сваіх мужоў
- 14.09.2011, 17:07
Жонкі кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча сумняюцца, што іхнія мужы знаходзяцца ў спісе яшчэ 11 памілаваных фігурантаў справы аб масавых беспарадках.
У прыватнасці, сумняецца, што ейны муж памілаваны, жонка Саннікава Ірына Халіп. «Упэўненая, што Саннікава ў гэтым спісе няма. Не ведаю чаму, але мне здаецца, што ён будзе адпушчаны адным з апошніх», - сказала яна, перадае БелаПАН.
Пры гэтым Халіп звярнула ўвагу на тое, што ў адрозненне ад двух папярэдніх указаў, якія былі падпісаныя Лукашэнкам на падставе прашэнняў аб памілаванні, цяперашні падпісаны з «прынцыпаў гуманнасці». «Я мяркую, што ўжо ўсе, каго можна было ўгаварыць альбо прымусіць падпісаць прашэнне аб памілаванні, адпушчаныя. Засталіся тыя, хто прасіць аб памілаванні не пагаджаецца», - сказала Халіп.
Марына Адамовіч, жонка яшчэ аднаго кандыдата Мікалая Статкевіча, таксама ўпэўненая, што ў спісе памілаваных сёння прозвішча ейнага мужа няма.
Вольга Бандарэнка, жонка каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцера Бандарэнкі, таксама сумняецца, што мужа адпусцяць. «Я вельмі сумняюся, што яго памілавалі. Заўтра з адвакатам я збіраюся ехаць у калонію. Спадзяюся, там даведаюся хоць што-небудзь. Але, шчыра кажучы, не веру, што яго памілавалі», - адзначыла яна.
У сваю чаргу жонка яшчэ аднаго кандыдата ў прэзідэнты Зміцера Уса Яўгенія паведаміла, што аб падпісанні чарговага указа аб памілаванні даведалася ад журналістаў. «Цяпер буду спрабаваць датэлефанавацца да калоніі, каб нешта даведацца. Але я свята веру, што да новага года муж сапраўды будзе дома. Магчыма, ён ёсць у гэтым спісе ці будзе ў наступным», - сказала яна.
Як паведаміла charter97.org жонка журналіста Аляксандра Атрошчанкава Дар'я Корсак, у калоніі яшчэ не ведаюць пра ўказ і не могуць пацвердзіць ці абвергнуць магчымае вызваленне.