Бухулік трэба весці па афіцыйным курсе Нацбанка
- 15.09.2011, 12:39
Ва ўрадзе Беларусі не разглядаецца магчымасць змены парадку бухуліку курсавых розніц ў сувязі з адкрыццём дадсесіі на біржы, дзе валюта прадаецца і набываецца па рынкавым курсе.
Аб гэтым паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прадстаўнікі профільных ведамстваў.
Эксперты патлумачылі, што ў Беларусі для мэтаў бухуліку выкарыстоўваецца і будзе выкарыстоўвацца афіцыйны курс Нацыянальнага банка. У адпаведнасці з дзеючым парадкам, пры продажы замежнай валюты падаткам на прыбытак (24%) абкладаецца розніца паміж курсам Нацбанка і фактычным курсам продажу (за вылікам камісійных), якая для мэтаў падаткаабкладання разглядаецца ў якасці прыбытку.
Такім чынам, пры продажы замежнай валюты на дадсесіі, база для падатку на прыбытак павялічваецца на розніцу паміж курсам дадсесіі (Br8,6 тыс./$1 на 14 верасня) і афіцыйным курсам Нацбанка (Br5347/$1 на 14 верасня), якая будзе лічыцца прыбыткам.
Па экспертнай адзнацы, такі парадак будзе стрымліваць выхад высокарэнтабельных прадпрыемстваў-экспарцёраў на біржу з мэтай продажу замежнай валюты на дадсесіі, бо павялічваецца іхняя падаткаабкладаемая база.
Пры набыцці замежнай валюты на выдаткі ставіцца фактычны курс яе набыцця, што ўзмацняе наяўнасць сталага высокага попыту на дадсесіі.