Амбасада Балгарыі абвяргае сустрэчу Младзенава з Лукашэнкам
- 2.09.2011, 11:28
Міністр замежных справаў Балгарыі Мікалай Младзенаў не сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
Пра гэта заявілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у амбасадзе Балгарыі ў Беларусі.
Адказваючы на пытанне агенцтва, ці была сустрэча М. Младзенава і А. Лукашэнкі ў канцы жніўня, у амбасадзе сказалі: «Не, не было».
Раней Reuters, са спасылкай на ліст кіраўніка МЗС Балгарыі Мікалая Младзенава кіраўніку знешняй палітыкі Еўразвяза Кэтрын Эштан і міністрам замежных справаў еўрапейскага блока, распаўсюдзіў інфармацыю аб сустрэчы М. Младзенава і А. Лукашэнкі, у ходзе якой беларускі прэзідэнт нібыта паабяцаў вызваліць актывістаў апазіцыі, якія знаходзяцца ў зняволенні, у працягу паўтарох месяцаў і правесці круглыя сталы з апазіцыяй па пытаннях развіцця краіны.
Крыніца Reuters у дыпламатычных колах адзначыла, што Лукашэнка вырашыў скарыстацца паслугамі Балгарыі як пасярэдніка на перамовах з ЕЗ пасля таго, як гэтую функцыю адмовіліся выконваць Італія і Літва.