Балгары зусім заблыталіся
- 2.09.2011, 12:46
У прэс-службе балгарскага МЗС БелаПАН паведамілі, што міністр замежных справаў Балгарыі Мікалай Младзенаў сустракаўся на мінулым тыдні ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам.
Там таксама пацвердзілі, што па выніках сустрэчы Младзенаў накіраваў ліст вярхоўнаму прадстаўніку Еўразвяза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і кіраўнікам знешнепалітычных ведамстваў краін ЕЗ. Інфармацыя, якая з'явілася ў СМІ, пра змест гэтага ліста адпавядае рэчаіснасці, заявілі ў прэс-службе.
Аб лісце міністра Младзенава паведаміла 1 верасня агенцтва Рэйтэр. Паведамлялася, у прыватнасці, што ў ходзе сустрэчы Лукашэнка паабяцаў вызваліць чатырох палітвязняў да канца гэтага тыдня, а ў дачыненні да яшчэ дваіх - зняць абвінавачванні. Усіх астатніх палітвязняў беларускі прэзідэнт паабяцаў вызваліць у пачатку кастрычніка.
Балгарскі міністр таксама праінфармаваў Эштан, што Лукашэнка паабяцаў правесці круглы стол з апазіцыяй для абмеркавання будучыні краіны, на які будзе запрошаная «група мудрацоў» для назірання і садзейнічання перамовам.
Раней амбасада Балгарыі ў Менску абвергла гэтую інфармацыю.