BE RU EN

Мы памятаем

  • 2.09.2011, 13:47

Год таму загінуў заснавальнік сайта charter97.org Алег Бябенін.

Алег Бябенін быў знойдзены павешаным 3 верасня 2010 года на ягоным лецішчы пад Менскам. Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта самагубства. Аднак смерць журналіста выклікае шмат пытанняў. Судмедэксперты блытаюцца нават у даце наступлення смерці журналіста - 2 ці 3 верасня.

Алег не пакінуў пасля сябе ніякай запіскі. Сябры і калегі журналіста, якія былі на месцы здарэння, заяўляюць пра наяўнасць на ягоным целе слядоў гвалту.

Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці кажуць пра «палітычнае забойства». Алег уваходзіў у каманду аднаго з галоўных канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі на выбарах прэзідэнта 19 снежня - лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава. Усе памятаюць, чым скончылася супрацьстаянне з уладай для некаторых апанентаў рэжыму напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 года - Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Генадзя Карпенкі, Зміцера Завадскага.

З камандай Андрэя Саннікава ўлады расправіліся найбольш жорстка. Сам кандыдат у прэзідэнты прысуджаны да 5 гадоў турмы. Ягоная жонка Ірына Халіп прабыла паўтара месяца ў турме, чатыры месяцы пад хатнім арыштам і асуджаная на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. Кіраўнік выбарчай кампаніі Саннікава Зміцер Бандарэнка асуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волі, перанёс у турме аперацыю на хрыбетніку і цяпер можа стаць інвалідам. Прэс-сакратар кандыдата ў прэзідэнты Аляксандр Атрошчанкаў прысуджаны да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Актывісты ягонага штаба таксама атрымалі тэрміны ад 3 да 4 гадоў турмы.

Сам сайт charter97.org на працягу ўсяго перадвыбарнага 2010 падвяргаўся самаму пільнаму прэсінгу з боку ўладаў. Супраць сайта і ягонай рэдактаркі Наталлі Радзінай былі ўзбуджаныя чатыры крымінальныя справы, прайшлі 5 ператрусаў у рэдакцыі і кватэры журналісткі, канфіскаваныя 20 кампутараў. Радзіна была арыштаваная 19 снежня, правяла паўтара месяца ў турме. Журналісты сайта былі вымушаныя з'ехаць з краіны і працягнуць сваю працу ў Літве.

Пасля змены ўлады мы абавязкова даведаемся праўду пра тое, як памёр наш калега. Крымінальная справа па трагічнай гібелі Алега Бябеніна будзе абавязковая распачатая, і яе будуць расследаваць лепшыя беларускія крыміналісты.

Апошнія навіны