BE RU EN

МЗС: Ермаковай не далі амерыканскую візу

  • 22.09.2011, 10:27

«У яе не атрымалася», - паведамілі ў прыёмнай кіраўніцы Нацбанка з нагоды адмены ейнага візіту ў Вашынгтон.

Прадстаўнік Беларусі ў Міжнародным валютным фондзе, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова не прыме ўдзелу ў гадавым сходзе МВФ і Сусветнага банка, які пройдзе з 22 па 25 верасня ў Вашынгтоне, перадае БелаПАН.

Надзея Ермакова павінная была паехаць у Вашынгтон 21 верасня на чале беларускай дэлегацыі. Аднак 22 верасня ў прыёмнай Нацыянальнага банка паведамілі, што Ермакова ў ЗША не паехала і знаходзіцца на сваім працоўным месцы. «У яе не атрымалася», - адзначылі ў прыёмнай, не ўдакладняючы падрабязнасцяў.

Інфармацыю аб тым, Ермакова не прыбыла ў Вашынгтон у складзе беларускай дэлегацыі пацвердзілі БелаПАН і ў менскім прадстаўніцтве МВФ. «Спадарыня Ермакова адмяніла свой прыезд», - сказаў прадстаўнік фонду, адмовіўшыся ад каментароў.

У складзе беларускай дэлегацыі ў Вашынгтон прыбылі міністр фінансаў Андрэй Харкавец, які ўзначальвае дэлегацыю замест Ермаковай, і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.

МЗС Беларусі абвінаваціў ва ўсім ўлады ЗША. Кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова па віне амерыканскага боку атрымала са спазненнем візу і не змагла ўзначаліць беларускую дэлегацыю на гадавым сходзе МВФ, заявіў у чацвер у Менску прэс-сакратар МЗС РБ Андрэй Савіных.

«Віза была прадастаўленая, але была прадастаўленая са спазненнем. У прынцыпе, гэта можна разглядаць як парушэнне амерыканскім бокам сваіх міжнародных абавязальніцтваў», - заявіў А. Савіных.

«ЗША ў свой час абавязаліся забяспечыць бесперашкодны доступ (сябрам нацыянальных дэлегацый - ІФ) да ўдзелу ў мерапрыемствах міжнародных арганізацый на іхняй (ЗША - ІФ) тэрыторыі», - падкрэсліў прэс-сакратар МЗС.

«Такая няўчаснасць выдачы візы фактычна з'яўляецца дадатковым бар'ерам, які стварае непатрэбныя перашкоды для працы Беларусі ў межах МВФ», - заявіў ён.

Апошнія навіны