Дашкевіч ўсё яшчэ ў магілёўскім СІЗА
- 22.09.2011, 15:11
Зміцер Дашкевіч, лідэр зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай арганізацыі «Малады фронт», усё яшчэ застаецца ў следчым ізалятары Магілёва.
Аб гэтым паведаміла БелаПАН праваабаронца Анастасія Лойка.
«На сёння яшчэ дакладна не вядома, куды Зміцера перавядуць, гэта стане вядома ў бліжэйшыя дні, - сказала Лойка. - Ёсць чатыры варыянты калоній, куды яго могуць адправіць: Глыбокае, Мазыр, Ваўкавыск ці Івацэвічы».
Па словах Лойка, адвакат Дашкевіча збіраецца сустрэцца з ім, як толькі яго перавядуць у калонію. Адвакат мяркуе, што ў сувязі з пераводам у іншае месца адбывання пакарання Дашкевіч мог спыніць галадоўку, якую ён пачаў 13 верасня ў знак пратэсту супраць умоваў утрымання канкрэтна ў Горацкай калоніі.
Пра тое, што Дашкевіча пераводзяць у іншую калонію, стала вядома вечарам 20 верасня. У той жа дзень яшчэ адзін палітвязень, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў, быў пераведзены з наваполацкай калоніі ў бабруйскую.