Саннікава этапуюць у калонію 5 дзён
- 22.09.2011, 17:13
Пра гэта стала вядома адвакату палітвязня, кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.
Андрэй Саннікаў выехаў з Наваполацкай калоніі 20 верасня, а прыбць у Бабруйскую калонію павінен толькі ўвечары суботы, 24 верасня, паведаміла сайту charter97.org жонка палітыка Ірына Халіп.
«На пытанне адваката, чаму Андрэя так доўга вязуць у калонію, ёй адказалі, што яго вязуць праз Гомель. Ніхто не можа ведаць, што адбываецца з ім у гэтыя дні, дзе яго трымаюць, ці знаходзіцца ён увесь гэты час у «сталыпінскім» вагоне ці сядзіць у нейкай турме. Чалавек знік. Я не магу гэта расцаніць інакш як адкрыты здзек з майго мужа. Па-першае, у артыкуле 72 КК напісана, што «асуджаныя ўвесь тэрмін адбываюць ў адной калоніі, і перавод ажыццяўляецца ў выключных абставінах, якія перашкаджаюць далейшаму знаходжанню зняволенага ў дадзенай папраўчай установе». Што там за «выключныя абставіны», я магу толькі здагадвацца.
Не першыя суткі я не маю разумення, што адбываецца з маім мужам і хачу шчыра пажадаць усім, хто мае дачыненне не толькі да ягонага незаконнага прысуду, але і да цяперашняй сітуацыі, каб і іх у хуткім часе вазілі такімі ж доўгімі этапамі», - заявіла Ірына Халіп.