Матэа Макачы: Лукашэнка павінны вызваліць палітвязняў і пачаць дыялог з імі
- 26.09.2011, 13:54
Старшыня Камітэта Парламенцкай асамблеі АБСЕ па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях Матэа Макачы заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх палітычных зняволеных.
Заява палітыка прагучала на адкрыцці нарады АБСЕ па разглядзе выканання абавязальніцтваў, прысвечаных чалавечаму вымярэнню, якое з 26 верасня па 7 кастрычніка праходзіць у Варшаве.
Матэа Макачы адзначыў, што Парламенцкая асамблея АБСЕ расчараваная падзеямі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў і выказаў глыбокае шкадаванне ў сувязі з закрыццём офіса АБСЕ ў Менску.
Па словах прадстаўніка ПА АБСЕ, у Беларусі працягваюцца парушэнні правоў чалавека па ўсіх напрамках, пераследуюцца апазіцыя і грамадзянская супольнасць.
«Адначасова цяпер мы чуем, што беларускія ўлады заклікаюць да дыялогу. Мы гатовыя да такога дыялогу. Але мы працягваем заклікаць беларускія ўлады вызваліць прадстаўнікоў апазіцыі і пачаць дыялог з імі з нагоды змены палітычнай сітуацыі ў краіне», - адзначыў Макачы.