BE RU EN

Еўрапейскае лобі Лукашэнкі

  • 27.09.2011, 10:31

Эксперты мяркуюць, што спектр заходнееўрапейскіх настрояў па адносінах да беларускай палітычнай рэчаіснасці далёка неадназначны, як гэта можа падацца на першы погляд.

У інтэрв'ю з карэспандэнтам «Голаса Амерыкі» дырэктар ўплывовай праваабарончай арганізацыі Freedom House Дэвід Крамер заявіў, што існаванню немалой арміі падтрымкі Лукашэнкі ў еўрапейскім палітычным істэблішменце ёсць цэлы шэраг аб'ектыўных прычын.

«Па-першае, ні для каго не сакрэт, што ў апошнія некалькі гадоў ўрад Лукашэнкі наймаў розныя фірмы і асобных людзей дзеля таго, каб тыя за пэўныя грошы прадстаўлялі ягоныя інтарэсы і працавалі над паляпшэннем іміджу рэжыму. У той жа самы час на Захадзе існуюць людзі, шчыра лічаць, што дэмакратычны бамонд проста не разумее Лукашэнку і прымяняе да яго падвойныя стандарты. Ну і, па-трэцяе, сярод некаторых еўрапейскіх лідэраў ёсць асцярогі, што ціск на Лукашэнку можа падштурхнуць яго ў рукі Масквы, чаго яны баяцца не на жарт», - падзяліўся меркаваннямі Крамер.

У сваім ранжыраванні еўрапейскіх эліт па крытэрах зацікаўленасці да беларускага рэжыму Павел Шарамет у сваю чаргу, вылучае эканамічны фактар.

«Калі казаць аб еўрапейскіх сілах, якія гуляюць на баку Лукашэнкі, то тут, вядома, у першую чаргу трэба вылучыць эканамічны складнік.

Бізнес-лобі Лукашэнкі ў Еўропе галоўным чынам прадстаўленеа літоўцамі і латышамі. Справа ў тым, што яны залежаць ад транзіту беларускіх калійных угнаенняў, нафты і нафтапрадуктаў. Наколькі мне вядома, цэлы шэраг літоўскіх і латышскіх алігархаў мае цёмныя справы з беларускай уладай. Гэты напаўлегальных бізнес пачынаецца з вытворчасці гарэлкі на тэрыторыі Беларусі і заканчваецца сумеснымі праектамі ў галіне ўзбраенняў. Па маіх звестках, Польшча была таксама ўцягнутая ў гэты бізнес. Напрыклад, галоўным партнёрам самага знакамітага беларускага алігарха Уладзіміра Пяфціева доўгі час быў польскі бізнесмен. Яны сумесна гандлявалі зброяй», - заўважыў у інтэрв'ю «Голасу Амерыкі»расейскі журналіст.

Шарамет лічыць, што другая група еўрапейскіх «лабістаў» Лукашэнкі складаецца з асобна ўзятых карумпаваных палітыкаў заходніх краін, а таксама міжнародных піяр-кампаній, гатовых за «суму малую піярыць хоць д'ябла».

Каментуючы магчымыя матывы паездкі Младзенава ў Менск, прафесар Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве Андрэй Суздальцаў заявіў, што ў Балгарыі ў дадзеным выпадку былі цалкам канкрэтныя геапалітычныя інтарэсы.

На думку эканаміста, традыцыйна беларускую тэму ў Еўропе манапалізавалі дзве краіны: Польшча і Літва. Аднак сёння, як лічыць Суздальцаў, некаторыя новыя дзяржавы ЕЗ прадпрымаюць адчайную спробу прарвацца ў еўрапейскую палітычную эліту, пасродкам вырашэння беларускага пытання.

«Вільня была ў асноўным зацікаўленая ў эканамічным супрацоўніцтве з Беларуссю, таму яна моцна не крытыкавала Менск. Варшава, у сваю чаргу, мела больш прафесійны падыход і дазваляла сабе ў гэтым плане значна больш. Аднак нядаўна літоўцы і палякі сябе моцна справакавалі ў вачах еўрапейскай грамадскасці, выдаўшы рахункі беларускіх апазіцыянераў. Таму ў новых еўрапейскіх краін, якія дагэтуль былі аўтсайдэрамі на палітычнай арэне Еўропы, з'явілася выдатная магчымасць «адбіць» беларускую тэму.

Младзенаў, калі вырашыць гэтую праблему, можа ў раптоўна прарвацца на вельмі высокі ўзровень у Брусэлі і заявіць: тое, чым Варшава і Вільня займаліся дзесяцігоддзямі, раптам атрымалася ў Сафіі», - заўважыў Суздальцаў.

Незалежны беларускі палітолаг Андрэй Фёдараў, у сваю чаргу, не верыць у існаванне еўрапейскага лобі беларускага прэзідэнта наогул. Фёдараў перакананы, што кожная з вышэйзгаданых краін дзейнічае выключна зыходзячы з прыватных палітычных ці эканамічных дывідэндаў; абарона інтарэсаў суседа ім зусім не патрэбная.

«Скажам, у той жа Літвы ёсць свае ўяўленні аб геапалітычнай небяспецы.

Ім, напрыклад, не хочацца, каб у Беларусі дамінавала Расея. Вось яны і спрабуюць неяк пазбегнуць такога развіцця падзей. А Лукашэнка, як ім падаецца, з'яўляецца гарантам нейкай стабільнасці», - сказаў на заканчэнне Фёдараў.

Апошнія навіны