BE RU EN

Міністр Мартынаў не паедзе на Саміт «Усходняга партнёрства»?

  • 27.09.2011, 14:39

Невядома, хто ўзначаліць афіцыйную беларускую дэлегацыю на саміце Усходняга партнёрства ў Варшаве.

На мінулым тыдні прадстаўнік польскай амбасады перадаў у Міністэрства замежных справаў Беларусі запрашэнне кіраўніку беларускай дыпламатыі, паведамляе Радыё Рацыя.

Кажа першы сакратар польскай амбасады ў Менску, Павел Марчук:

«Мы не атрымалі афіцыйнага адказу на запрашэнне спадарыні Эштан і міністра Сікорскага. Тут няма абмежаванняў - у міністра Мартынава дыпламатычны пашпарт, так што нават, калі ён прыме рашэнне 28 верасня, паспее прыехаць у Варшаву».

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі, Андрэй Савіных, адзначае:

«Нічога канкрэтнага не магу сказаць. Запрашэнне знаходзіцца ў стадыі разгляду. Што гэта значыць, правядзіце аналіз. Як заўгодна - вызначыце, што гэта значыць на беларускай мове, можна гэта перавесці на суахілі. Я магу толькі сказаць: запыт знаходзіцца ў стадыі разгляду».

«Што азначае гэта на мове палітыкаў, дадумайте самі», - дадаў Андрэй Савіных.

Саміт «Усходняга партнёрства» пройдзе 29-30 верасня ў Варшаве. У ім будуць удзельнічаць прадстаўнікі 27 краін Еўразвяза і краін, запрошаных да Ўсходняга партнёрства. Саміт у польскай сталіцы праходзіць у межах польскага старшынства ў Савеце Еўрапейскага звяза.

Апошнія навіны