Зміцер Бандарэнка - дзень народзінаў за кратамі
- 28.09.2011, 11:03
Сёння, 28 верасня, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» і давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава святкуе дзень нараджэння.
Яму спаўняецца 48 гадоў.
Палітвязень не зможа адсвяткаваць гэты дзень нараджэння з сям'ёю і сябрамі, таму што знаходзіцца ў турме. Беларуская дыктатура адправіла гэтага палітыка за краты на два гады за падзеі 19 снежня 2010 года.
У турме Зміцер Бандарэнка падвергнуўся катаванням, здзекаванням, перанёс аперацыю на хрыбетніку і не прайшоў паўнавартасную пасляаперацыйную рэабілітацыю, але ўсё гэта не змагло зламаць гэтага мужнага чалавека.
У пачатку верасня стала вядома, што Зміцер Бандарэнка намінаваны на прэмію Еўрапарламента імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» па ініцыятыве польскага парламентарыя Марэка Мігальскігі.
Гэтая прэстыжная прэмія заснаваная Еўрапарламентам у 1988 годзе. Яна прысуджаецца людзям і арганізацыям, якія прысвячаюць сваё жыццё і дзейнасць абароне правоў чалавека і ягоных свабод, перш за ўсё свабодзе слова.
Павіншаваць вязня сумлення можна, адправіўшы святочныя паштоўкі і тэлеграмы на наступны адрас: 213105, Бандарэнку Зміцеру Яўгенавічу, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, п/а Вейна, выпраўленчая калонія № 15, каранцін.