Саміт «Усходняе партнёрства» патрабуе вызвалення палітвязняў
- 30.09.2011, 16:43
Саміт «Усходняе партнёрства» патрабуе, каб беларускія ўлады «вызвалілі палітвязняў».
Аб неабходнасці дэмакратычных зменаў у Беларусі заявіў па выніках саміту «Усходняе партнёрства», які адбыўся ў Варшаве, польскі прэм'ер-міністр Дональд Туск, паведамляе «Интерфакс-Запад».
«Мы пасылаем канкрэтныдакладны сігнал беларускім уладам вызваліць і рэабілітаваць палітычных зняволеных», - заявіў таксама Д. Туск на выніковай прэс-канферэнцыі ў пятніцу.
У сваю чаргу кіраўнік Еўрапейскай камісіі Жазэ-Мануэль Барозу падкрэсліў, што магчымасці збліжэння з Беларуссю Еўразвяз звязвае з дэмакратызацыяй ў гэтай краіне.
Ён таксама падкрэсліў важнасць такіх каштоўнасцяў, як правы чалавека, павагу асноўных дэмакратычных свабод і развіццё грамадзянскай супольнасці для ўсіх дзяржаваў-удзельніц праграмы «Усходняе партнёрства».
У прынятай на саміце дэкларацыі выяўляецца глыбокая занепакоенасць сітуацыяй з дэмакратыяй у Беларусі.
Дакумент паказвае на парушэнні правоў чалавека і дэмакратычных нормаў, асуджае парушэнні свабоды СМІ ў краіне. У дэкларацыі змяшчаецца патрабаванне да беларускіх уладаў аб неадкладным вызваленні і рэабілітацыі палітычных зняволеных, спыненне пераследу незалежных СМІ і пачатку дыялогу з апазіцыяй.
«ЕЗ таксама глыбока занепакоены паведамленнямі аб тым, што зняволеныя пазбаўленыя магчымасці сустракацца са сваімі сем'ямі, адвакатамі і прадстаўнікамі СМІ. Яны падвяргаюцца псіхалагічнаму і фізічнаму ціску», - падкрэсліваецца ў дэкларацыі.
У адсутнасць на саміце прадстаўнікоў Беларусі, дэкларацыю падпісалі прэзідэнты Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Украіны і прэм'ер-міністр Малдовы.