Праезд у ў Менску зноў даражэе - да 950 рублёў
- 5.09.2011, 11:38
І гэта толькі пачатак. Праезд даражэе другі раз на працягу месяца.
Як паведамілі БелаПАН у дзяржаўным прадпрыемстве «Мінсктранс», у бліжэйшы час гарадскія ўлады плануюць падвысіць тарыф на праезд у грамадскім транспарце Менска.
Падрыхтавана рашэнне гарвыканкама, паводле якога праезд падаражэе з 900 да 950 рублёў за адну паездку. Гэта рашэнне ўступіць у сілу пасля ўзгаднення і публікацыі ў газеце «Минский курьер». На прадпрыемстве назвалі прыблізную дату - 8 або 12 верасня.
Па словах спецыялістаў, цяпер пасажыры кампенсуюць толькі 45% кошту праезду.
Нагадаем, 4 жніўня падаражэў праезд у сталічным грамадскім транспарце з 850 да 900 рублёў за адну паездку. Пры набыцці ў кіроўцы талон каштуе 1.000 рублёў. Паездка на экспрэсных аўтобусных маршрутах абыходзіцца ў 1.350 рублёў. Тады ж падаражэў праезд у маршрутных таксі. Пры працягласці маршруту да 10 км уключна кошт складае 2.200 рублёў, больш за 10 км - 2.830 рублёў.